4 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Да доўгага тэрміну пазбаўлення волі асуджаны жыхар Віцебска, вінаваты ў ДТЗ з двума загінулымі, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшы пракурор аддзела па наглядзе за законнасцю судовых пастановаў па крымінальных справах пракуратуры Віцебскай вобласці Аляксей Талкачоў.
У маі гэтага года ўначы 29-гадовы мужчына, знаходзячыся ў нецвярозым стане, падвозіў знаёмага і дзяўчыну. Рухаючыся на высокай хуткасці (120 км/г) па Маскоўскім праспекце, пры пераездзе праз трамвайныя шляхі ён не справіўся з кіраваннем і перакуліўся. У выніку аварыі абодва пасажыры загінулі, кіроўца сур'ёзна не пацярпеў.
За гібель двух чалавек і кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап'янення віноўнік ДТЗ асуджаны на шэсць гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах пасялення і на пяць гадоў пазбаўлены вадзіцельскіх правоў.
Аляксей Талкачоў падкрэсліў, што галоўны фігурант справы не з'яўляецца гаспадаром "Мерседэса", які трапіў у аварыю. Ім аказаўся бізнесмен з Віцебскага раёна, які даверыў гэтаму чалавеку праз знаёмага прадаць машыну. "Ён, як уладальнік крыніцы падвышанай небяспекі - аўтамабіля, таксама прыцягнуты да адказнасці за бескантрольныя адносіны да сваёй уласнасці. Па рашэнні суда Першамайскага раёна Віцебска гаспадар машыны быў абавязаны выплаціць па Br100 млн. бліжэйшым сваякам кожнага з загінулых", - дадаў старшы пракурор.-0-
БЕЛТА
Да шасці гадоў пазбаўлення волі прысуджаны віцяблянін, вінаваты ў ДТЗ з двума загінулымі
4.12.20120 праглядаў