На балансе ўчастка кацельняў і цеплавых сетак КУВП ЖКГ “Лепель” знаходзіцца 13 кацельняў у горадзе і раёне. Гэта перш за ўсё цэнтральная гарадская кацельня, якая забяспечвае ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне большай часткі жыллёвага фонду Лепеля, асноўнай колькасці прадпрыемстваў, устаноў. Шэраг вытворчых і сацыяльных аб’ектаў у нашым горадзе ацяпляюцца, на іх паступае гарачая вада з кацельняў электрамеханічнага завода, прадпрыемства меліярацыйных сістэм, цэнтральнай раённай бальніцы і абласной бальніцы для дзяцей з захворваннямі апорна-рухальнага апарата. Акрамя таго, для сельскіх жыхароў працуюць кацельні нашага камунальнага прадпрыемства ў Стаях, Поўсвіжы, Слабадзе, Домжарыцах, Пышна, Валосавічах і Грыгаравічах. Усяго на ўчастку кацельняў і цеплавых сетак працуюць больш за 80 чалавек, а непасрэдна перад самім пачаткам новага ацяпляльнага сезона іх колькасць будзе нават некалькі павялічана.

  Падрыхтоўка да ацяпляльнага перыяду прадугледжвала правядзенне прафілактычнага рамонту ўсяго кацельнага абсталявання. Устаноўлены новыя, сучасныя помпы ў кацельнях прадпрыемства меліярацыйных сістэм, у Слабадзе і Грыгаравічах. Гэтыя помпы вельмі эканамічныя, спажываюць менш электраэнергіі, дазваляюць эканоміць энергетычныя рэсурсы.


Больш чым 140 шматкватэрных дамоў абслугоўваецца ў горадзе і раёне, да іх пракладзены цеплавыя сеткі агульнай працягласцю ў 61,8 кіламетраў. Апрасаваны сістэмы ацяплення 35 жылых дамоў, зроблена гідрапнеўматычная прамыўка ўсіх цеплатрас. Заменены асобныя ўчасткі цепласетак, агульная даўжыня якіх складае больш аднаго кіламетра.

  Па гарачым водазабеспячэнні ўстаноўлены новыя, пласцінкавыя бойлеры ў шматкватэрных жылых дамах па вуліцах Савецкая, 73а і Максіма Горкага, 27. Будзе зманціраваны такі бойлер і ў жылым доме па вуліцы Калініна, 66а.

  Для надзейнага гарачага водазабеспячэння ў цэнтральнай кацельні цяпер працуе адзін кацёл на мясцовым паліве.

  На цэнтральнай кацельні зараз функцыянуе і газапоршневая ўстаноўка, якая, акрамя ўсяго іншага, выпрацоўвае танную электраэнергію.

  Мікалай ГАРБАЧОЎ.