Якасць водазабеспячэння і забяспечанасць урачамі хвалююць жыхароў сельскіх раёнаў Віцебскай вобласці
4.6.20120 праглядаў
4 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Камунальна-побытавыя пытанні з'яўляюцца найбольш праблемнымі для жыхароў Віцебскага, Полацкага і Сенненскага раёнаў. Да такіх высноў прыйшла міжведамасная рабочая група па правядзенні маніторынгу стану работы дзяржаўных органаў і арганізацый Віцебскай вобласці з насельніцтвам, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Камітэце дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці.
Для вывучэння сітуацыі ў раёнах члены групы ў канцы мая 2012 года сустрэліся з працоўнымі калектывамі шасці прадпрыемстваў і арганізацый, правялі маніторынг двух дзясяткаў магазінаў, некалькіх лячэбных устаноў, школ, дамоў культуры і бібліятэк.
Усяго за час правядзення маніторынгу да членаў рабочай групы звярнуліся больш за паўсотні чалавек. Для насельніцтва раёнаў надзённымі з'явіліся пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі, у тым ліку водазабеспячэння, рамонту жыллёвага фонду, асветленасці вуліц, землекарыстання і землеўпарадкавання, дзейнасці выканаўчых і распарадчых органаў. Найбольшая колькасць праблемных пытанняў (54,9%) датычылася жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Так, пры правядзенні прамой тэлефоннай лініі ў Віцебскім райвыканкаме з 14 званкоў, якія паступілі да старшыні КДК Аляксандра Якабсона, дзевяць датычыліся камунальна-побытавых праблем.
Дастаткова востра ў раёнах вобласці стаіць пытанне якаснага водазабеспячэння і водаадвядзення. Ва ўсіх раёнах людзі ўзнімалі гэтыя праблемы.
У сферы аховы здароўя, нягледзячы на выкананне ўстаноўленых сацыяльных стандартаў, маюцца пытанні па кадравым камплектаванні вузкімі спецыялістамі цэнтральных раённых бальніц і выездзе іх у сельскія населеныя пункты, па забяспечанасці медыцынскім аўтатранспартам і абсталяваннем. Спецыялісты міжведамаснай групы звярнулі ўвагу на высокі каэфіцыент сумяшчальніцтва ўрачоў амбулаторна-паліклінічных арганізацый, што сведчыць аб дэфіцыце ўрачоў: участковых тэрапеўтаў, стаматолагаў, уралогаў. Напрыклад, у Полацкай цэнтральнай гарадской бальніцы (абслугоўвае насельніцтва горада і раёна) 34 участковыя ўрачы займаюць 46 штатных адзінак, 18 урачоў стаматолагаў – 28,75 штатных адзінак. У Вымнянскай урачэбнай амбулаторыі Віцебскага раёна, дзе абслугоўваюцца больш за 1 тыс. жыхароў, са студзеня бягучага года не ўкамплектавана пасада загадчыка. Фактычна медыцынская дапамога аказваецца фельчарам. Вузкія спецыялісты выязджаюць у амбулаторыю надзвычай рэдка, а ўрач агульнай практыкі, які абслугоўвае ў тым ліку дзіцячае насельніцтва, наогул не вядзе выязны прыём. У частцы аснашчэння медыцынскім транспартам стандарт выкананы за кошт наяўнасці аўтамабіляў без уліку іх тэхнічнага стану. Большая частка аўтамабіляў медыцынскай дапамогі зношана і мае патрэбу ў замене. Так, у Сенненскім раёне 8 з 12 аўтамабіляў маюць тэрмін службы больш за нарматыўны – сем гадоў.
Міжведамасная група прапанавала Віцебскаму аблвыканкаму прыняць меры па паляпшэнні якасці медыцынскага абслугоўвання, у тым ліку па забеспячэнні ўрачамі-спецыялістамі ўстаноў аховы здароўя Віцебскага, Полацкага і Сенненскага раёнаў вобласці, абнаўленні парку аўтатранспарту і своечасовым яго рамонце, звярнуць асаблівую ўвагу на працу службаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі пры планаванні працы, выкананні рамонтных работ і ўзятых на сябе перад грамадзянамі абавязацельстваў.
Міжведамасная рабочая група па правядзенні маніторынгу стану работы дзяржаўных органаў і арганізацый Віцебскай вобласці з насельніцтвам была створана ў выкананне даручэння Прэзідэнта Беларусі. Яе працу на тэрыторыі вобласці ўзначальваў старшыня КДК Аляксандр Якабсон.-0-
БЕЛТА