Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе абазначыў праблемныя пытанні ў сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле яго слоў, за апошнія тры гады пабудавана прыкладна 800 станцый абезжалезвання вады, але многія грамадзяне па-ранейшаму незадаволены яе якасцю. "Дзе яны будуць задаволены, калі вы новую станцыю пабудавалі, а трубы, па якіх дастаўляеце ваду насельніцтву, старыя, іржавыя. Хацеў бы пачуць дакладныя адказы на пытанні, як вы будзеце вырашаць гэту праблему і калі завершыце іншыя інфраструктурныя праекты", - пацікавіўся Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што гаворка ідзе пра будаўніцтва і рэканструкцыю сістэм водазабеспячэння і ачысных збудаванняў ва ўмовах адмовы міжнародных банкаў выконваць раней узятыя абавязацельствы па фінансаванні часткі аб'ектаў у Беларусі. "Гэта значыць, раней з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і іншымі мы дамовіліся аб тым, што яны пракрэдытуюць многія аб'екты жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Некаторыя пачалі крэдытаваць, а потым кінулі, - нагадаў Аляксандр Лукашэнка. - Два моманты. Як будзем заканчваць рэканструкцыю і будаўніцтва гэтых аб'ектаў? І другое: не дай бог, хтосьці з вас пачне разлічвацца па даўгах з гэтымі банкамі. Яны не выканалі ўмовы дагавора - да пабачэння, пакуль не вернуцца да выканання гэтых дагавораў".
Аб рабоце з адходамі
Таксама людзі актыўна крытыкуюць арганізацыю работы з адходамі, адзначыў ён. "За гэта ўжо мала камусьці не здасца. Праблема раздзельнага збору смецця, перапрацоўкі і далейшага выкарыстання гэтага перапрацаванага дабра вырашаецца адказна", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, штогод у краіне ўтвараецца больш за чатыры мільёны тон цвёрдых камунальных адходаў. Пры гэтым у 2021 годзе нарыхтавана толькі 790 тысяч тон другасных матэрыяльных рэсурсаў. "Ва ўмовах, што склаліся, мы павінны максімальна выкарыстоўваць унутраныя рэсурсы, у тым ліку і адходы", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аб капітальным рамонце
Значная колькасць прэтэнзій тычыцца капітальнага рамонту дамоў. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, больш за ўсё людзей абураюць пустыя абяцанкі, шматразовыя пераносы тэрмінаў, змена падрадчыкаў і як вынік – некваліфікавана праведзеныя работы.
"Мякка кажучы. А як гэта часта ў жыцці бывае: прыйшлі, разварушылі кватэру ці дах, зрабілі горш, чым было, матэрыялы развароцілі, – адзначыў Прэзідэнт. – Людзі скардзяцца. Я калі бачу падобнае ў тэлевізары, скажу шчыра, у мяне кроў закіпае ў жылах".
"Трэба зрабіць так, каб не паварухнуліся", – запатрабаваў беларускі лідар.
Пра таварыствы ўласнікаў
Традыцыйна шмат скаргаў на так званыя арганізацыі самакіравання – таварыствы ўласнікаў.
"Людзі часам не разумеюць, за што яны плацяць. Хачу папярэдзіць мінчан перш за ўсё і іншых: не дай бог, я тыцну пальцам яшчэ ў адно таварыства, – папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. – Гэта тычыцца ўсіх населеных пунктаў. Дысцыпліна і яшчэ раз дысцыпліна".
Пра службу 115
Не памяншаецца колькасць нараканняў і на працу службы 115. "Факты, якія прыводзяць людзі, сведчаць пра адсутнасць зваротнай сувязі сэрвісу з насельніцтвам і камунальнымі службамі, – канстатаваў кіраўнік дзяржавы. – Даходзіць да таго, што нічога не зроблена, а на паперы заяўка закрыта".
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ва ўрада, якія вузкія месцы ў цяперашні час ёсць у сістэме ЖКГ, хто і на якім этапе недапрацоўвае для павышэння яе эфектыўнага функцыянавання. "Мне патрэбен аб'ектыўны аналіз сітуацыі ў краіне і, галоўнае, канкрэтныя дзелавыя прапановы па паляпшэнні працы", – падкрэсліў ён.
Written by belta.by