Нават праліўны і даволі непрыемны восеньскі дождж не перашкодзіў народнаму святу ў Лепелі.

Нават праліўны і даволі непрыемны восеньскі дождж не перашкодзіў народнаму святу ў Лепелі.

З самай раніцы цэнтральную плошчу «акупавала» тэхніка. Спачатку – выстава навінак сельскагаспадарчых і прамысловых прадпрыемстваў, ваенная, крыху пазней – чарага самых дзівосных машын: у горадзе прайшоў другі этап адкрытага Кубка Рэспублікі Беларусь па джып-трыяле. Урачыста адкрылася дзіцячая пляцоўка – ад імя ўсіх бацькоў шчырую падзяку мясцовай уладзе за такі шыкоўны падарунак дзетвары выказала мама Алена Знарок. Такога падарунка горад яшчэ не атрымліваў! У парку, на беразе возера, з'явіўся сапраўдны дзіцячы гарадок з мноствам гульнявых, спартыўных і іншых збудаванняў. І гэта толькі пачатак: старшыня райвыканкама Барыс Ефрэмаў паабяцаў, што гульнявая пляцоўка будзе пастаянна папаўняцца новымі забавамі для дзяцей.

Збылася мара не аднаго пакалення лепельчан – практычна, не было той сустрэчы прадстаўнікоў мясцовай улады з насельніцтвам па месцы жыхарства, інфармацыйных груп райвыканкама з працоўнымі калектывамі, дзе б не агучвалася праблема: з дзецьмі ў горадзе падацца няма куды. Дваравыя арэлі-пясочніцы, вядома, патрэбныя, ды толькі гэтага мала... На стварэнне «краіны цудаў» было накіравана амаль 240 мільёнаў рублёў з раённага бюджэту, у кароткія тэрміны ўсю гэту дзіцячую радасць усталявалі і зманціравалі работнікі КУВП ЖКГ «Лепель».

Велізарны фотавернісаж – свайго роду ілюстраваныя рэпартажы з жыцця працоўных калектываў і жыхароў -- расцягнуўся на цэлы квартал. Нямала гледачоў прыцягнула выстава народных рамёстваў і дэкаратыўна-прыкладного мастацтва «Роднаму гораду». Тысячу порцый кашы і гарбаты на паходнай кухні падрыхтавалі кухары сталовых Лепельскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя. Багаццем і шчодрасцю парадавалі падворкі сельскіх Саветаў. І ўсё гэта пад цудоўную музыку ваеннага духавога аркестра.