– Служба выратавання. Чым Вам дапамагчы?
– Чалавек заблукаў у лесе!
Апошнім часам такія паведамленні ўсё часцей паступаюць на лінію «112». У ролі згубленага можа апынуцца любы, але, як паказвае практыка, у большасці выпадкаў гэта дарослыя людзі і пенсіянеры.
Выратавальнікі нагадваюць: калі вы ідзяце ў лес, апранайце яркую, зручную, непрамакальную вопратку і абутак; вазьміце з сабой зараджаны мабільны тэлефон (навігатар, компас), пітную ваду, неабходныя лекі, невялікі запас прадуктаў, запалкі, нож; не адпраўляйцеся ў лес у адзіночку; праінфармуйце родных, дзе збіраецеся заходзіць у лес і пра прыблізны час вяртання; звяртайце ўвагу на ўмовы надвор'я, у пахмурны дзень паход лепш адкласці.
А калі ж згубіліся ў лесе: спыніцеся і супакойцеся; шукайце прасеку, ручай, лініі электраперадач, ідзіце ўздоўж іх; прыслухайцеся да брэху сабак, шуму цягніка, машын; пакідайце за сабой сляды, зарубкі на ствалах дрэў, зламаныя галінкі; патэлефануйце па тэлефоне «101» ці «112» і пасля паведамлення заставайцеся на месцы.
Яшчэ раз пагаварыце са сваімі блізкімі (пажылымі бацькамі) пра неабходнасць выканання правілаў бяспекі пры паходзе ў лес.