Так, больш за 2,3 млн рублёў будзе выдзелена з рэспубліканскага бюджэту на мерапрыемствы па папярэджанні завозу і распаўсюджвання інфекцыі, выкліканай каранавірусам COVID-19, у тым ліку звыш 143 тыс. рублёў у выглядзе міжбюджэтнага трансферту паступіць у кансалідаваны бюджэт Віцебскай вобласці. Адпаведнае рашэнне замацавана пастановай Савета Міністраў ад 21 сакавіка 2020 года №163.
Не засталася ўбаку і грамадскасць на месцах. Напрыклад, Віцебскае абласное аддзяленне Беларускага фонду міру перадасць абласной інфекцыйнай бальніцы 3 тыс. рублёў, якія будуць накіраваны на набыццё індывідуальных сродкаў абароны для медработнікаў.
– У межах рэалізацыі нашых ключавых праграм «Памяць» і «Клопат» і мерапрыемстваў да 75-годдзя Вялікай Перамогі асноўную частку сабраных сродкаў у гэтым годзе накіроўваем на добраўпарадкаванне месцаў, звязаных з увекавечаннем памяці ахвяр фашызму, абаронцаў Айчыны, а таксама на аснашчэнне палат для ветэранаў і інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны ў абласным шпіталі інвалідаў ВАВ «Юрцава» ў Аршанскім раёне, абласной бальніцы і іншых мед установах рэгіёна. Аднак, улічваючы сённяшнюю эпідэміялагічную сітуацыю, вырашылі вылучыць частку сродкаў на дапамогу ў барацьбе з каранавіруснай інфекцыяй. Гэта агульная справа, якая патрабуе ўкладу кожнага з нас, – сказала старшыня абласнога аддзялення БФМ Таццяна Туманава.
Адзначым, што Мінздароўя адкрыў спецыяльны дабрачынны рахунак для садзейнічання санітарна-супрацьэпідэмічным мерапрыемствам і ахове здароўя насельніцтва. Гэта выклікана тым, што ў ведамства паступалі звароты ад грамадзян, прадпрыемстваў, арганізацый, прадстаўнікоў прыватнага бізнесу з ініцыятывай аказаць спонсарскую дапамогу сістэме аховы здароўя ў такі складаны перыяд. Рахунак адкрыты ў дзяржаўнай установе «Рэспубліканскі цэнтр арганізацыі медыцынскага рэагавання». Дабрачынныя сродкі будуць размеркаваны ў адпаведнасці з патрэбай канкрэтных устаноў аховы здароўя, пойдуць на закупку сродкаў абароны для ўрачоў, тэст-сістэм, лекавых прэпаратаў і іншых неабходных рэчаў.
Па афіцыйных даных ведамства на 27 сакавіка, у рэспубліцы на медыцынскім кантролі і лячэнні з прычыны каранавіруса знаходзілася 62 пацыенты, а 32 чалавекі, у якіх раней быў станоўчы тэст на COVID-19, ужо выпісаны або рыхтуюцца да выпіскі.
Рэквізіты для аказання дапамогі:
Разліковы рахунак у беларускіх рублях: BY29AKBB36429000000800000000 У ААТ «АСБ Беларусбанк» БІК: AKBBBY2X УНП: 190263723
Разліковы рахунак у еўра: BY93AKBB36429000003150000000
У ААТ «АСБ Беларусбанк» БІК: AKBBBY2X УНП: 190263723