Загадчыца сектара турызму і фізкультурна-аздараўленчай работы упраўлення спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама Святлана Астаніна расказала на прэс-канферэнцыі "Падзеевы турызм: правядзенне фестываляў, святаў і тэматычных мерапрыемстваў" у прэс-цэнтры БЕЛТА, якімі фестывалямі здзівіць Віцебская вобласць у 2023 годзе.
"Дзякуючы багатай культурнай спадчыне ў рэгіёне праводзіцца вялікая колькасць розных мерапрыемстваў. На тэрыторыі вобласці праходзяць 13 міжнародных фестываляў, чатыры рэспубліканскія і больш за 40 абласных мерапрыемстваў. Найбольш вядомыя з іх - "Жураўлі і журавіны Міерскага краю", "Браслаўскія зарніцы", свята сярэднявечнай культуры "Меч Брачыслава", Viva Braslav", - адзначыла Святлана Астаніна.
Таксама яна расказала пра мерапрыемствы, якія пройдуць сёлета ў Віцебскай вобласці. "У трэці раз ва Ушацкім раёне пройдзе фестываль экстрэмальных відаў спорту "ExtremeПрарыў". Летась у параўнанні з папярэднім ён сабраў у чатыры разы больш наведвальнікаў. Фестываль відовішчны і цікавы як для дзяцей, так і для дарослых. Маладое, але даволі перспектыўнае мерапрыемства", - звярнула ўвагу спецыяліст.
Яшчэ адзін малады фестываль, які пройдзе ў жніўні ў Пастаўскім раёне ў другі раз, - "Асаблівыя, як усе". "Ён будзе арганізаваны на базе спартыўна-турыстычнага комплексу "Азёркі" для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Заяўкі на фестываль ужо пачынаюць паступаць, - сказала Святлана Астаніна. - Таксама на базе гэтага комплексу праводзіцца шмат святочных мерапрыемстваў - навагодніх, калядных, велікодных, купальскіх і г.д.".
Акрамя таго, у жніўні пройдзе буйны абласны фестываль страў з бульбы - "Бульба - Картошка - Potatoes".