19 лютага, Мінск /Ганна Кот - БЕЛТА/. Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі распрацаваў праграмны прадукт "Калькулятар персанальнай інфляцыі", спасылка на які будзе размешчана 20 лютага на афіцыйным сайце камітэта. Пра гэта паведаміў сёння журналістам начальнік галоўнага ўпраўлення статыстыкі цэн Нацыянальнага статыстычнага камітэта Аляксей Яркавец, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Гэты прадукт распрацаваны для таго, каб карыстальнік мог, маючы нейкую інфармацыю аб сваіх выдатках, падлічыць, на што ён траціць больш, на што - менш, і як яго асабістыя выдаткі адрозніваюцца ад тых выдаткаў, зыходзячы з якіх Беластат лічыць афіцыйны індэкс спажывецкіх цэн", - растлумачыў Аляксей Яркавец. Статыстыка, атрыманая шляхам выкарыстання калькулятара, будзе даступная толькі самому карыстальніку. Разам з тым Беластат будзе аналізаваць, як шмат людзей выкарыстоўваюць калькулятар, а таксама прымаць пажаданні і рэкамендацыі па ўдасканаленні прадукту. Акрамя таго, у бліжэйшыя год-два могуць з'явіцца і нейкія новыя праграмныя прадукты, не выключыў Аляксей Яркавец.
У Беластаце растлумачылі, што ў апошні час у сродках масавай інфармацыі нярэдка выказваюцца сумненні адносна афіцыйнага паказчыка інфляцыі, які разлічваецца Беластатам. У адрас Беластата нярэдка паступалі і звароты асобных грамадзян, якія спрабавалі "індывідуалізаваць" інфляцыю, разлічыць яе ўласнымі метадамі і, зыходзячы з уласных адчуванняў, выказвалі недавер да даных, якія разлічваюцца органамі дзяржаўнай статыстыкі. У мэтах тлумачэння асноўных метадалагічных прынцыпаў разліку інфляцыі, а таксама прычын адрознення персанальнай інфляцыі ад афіцыйнай Беластатам і быў распрацаваны праграмны прадукт "Калькулятар персанальнай інфляцыі".
"Калькулятар персанальнай інфляцыі дапаможа карыстальнікам сайта азнаёміцца з асноўнымі прынцыпамі разліку індэкса спажывецкіх цэн на практыцы, разлічыць уласную інфляцыю, ацаніць, наколькі змяненне спажывецкіх пераваг чалавека ўплывае на ўзровень яго асабістай інфляцыі. Пры гэтым у мэтах забеспячэння нагляднасці разліку і скарачэння часу, які затрачваецца карыстальнікам на разлік, персанальная інфляцыя прадугледжвае разлік па спрошчанай схеме", - адзначылі ў Беластаце.
Пры распрацоўцы калькулятара быў вывучаны досвед Вялікабрытаніі, Нідэрландаў, Нарвегіі, Германіі, Францыі, Італіі, Расіі. Былі выяўлены тры агульных падыходу да пабудовы калькулятара. Найбольш прымальным быў прызнаны падыход, прыняты ў Вялікабрытаніі і Нідэрландах, згодна з якім персанальная інфляцыя разлічваецца зыходзячы з персанальнай структуры спажывецкіх выдаткаў карыстальніка.
"Сапраўды, інфляцыя кожнага чалавека асобна адрозніваецца, паколькі грамадзяне не толькі маюць розны ўзровень даходаў, але і набываюць тавары і паслугі ў розных кропках, у залежнасці ад месца жыхарства, асартыменту і цэнавага ўзроўню, выбіраюць розныя разнавіднасці аднаго і таго ж тавару. Насельніцтва схільна перабольшваць "уласную інфляцыю" ў выпадку, калі істотна растуць цэны менавіта на тыя тавары, якія набываюцца рэгулярна. Інфляцыя асобнага чалавека альбо сям'і практычна ва ўсіх выпадках будзе адрознівацца ад сярэдняй па краіне, разлічванай Белстатам", - растлумачылі ў камітэце.
Індэкс спажывецкіх коштаў, які з'яўляецца афіцыйным паказчыкам інфляцыі ў краіне і разлічваецца афіцыйнай статыстыкай згодна з прынятымі міжнароднымі прынцыпамі ў галіне статыстыкі коштаў (стандарты МВФ, МОТ, ААН), характарызуе змяненне ў часе фіксаванага набору з 450 тавараў і паслуг, які фарміруецца на аснове дадзеных абследавання хатніх гаспадарак. Гэты набор штогод актуалізуецца. Тавар альбо паслуга ўключаюцца ў набор, калі доля выдаткаў на іх набыццё ў агульнай суме выдаткаў хатніх гаспадарак складае не менш за 0,01%. Спецыялісты тэрытарыяльных органаў дзяржаўнай статыстыкі штомесяц рэгіструюць больш за 50 тыс. цэнавых каціровак у 31 горадзе Беларусі, якія ўваходзяць у разлік індэкса спажывецкіх коштаў па краіне. Рэгістрацыя коштаў адбываецца як у крамах рознічнага гандлю ўсіх форм уласнасці, так і на рынках і ў індывідуальных прадпрымальнікаў.
"Такім чынам, афіцыйны індэкс спажывецкіх цэн – гэта ўсярэднены паказчык у цэлым па рэспубліцы, які разлічваецца па ўсярэдненым фактычным структуры расходаў хатніх гаспадарак. Структура расходаў кожнага асобнага чалавека альбо сям'і можа адрознівацца ад сярэднерэспубліканскай. Нават людзі з аднолькавымі даходамі маюць розную структуру спажывання. Частка насельніцтва можа аплачваць здымнае жыллё, мець альбо не мець асабісты транспарт, марнаваць значныя сумы на аплату медыцынскіх паслуг, паслуг фізічнай культуры і спорту, альбо наогул не марнаваць грашовыя сродкі на некаторыя віды паслуг. Насельніцтва ж з больш нізкімі даходамі ў асноўным аплачвае прадукты харчавання, паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі і паслугі гарадскога транспарту", - звярнулі ўвагу ў Белстаце.
У сувязі з гэтым калькулятар персанальнай інфляцыі арыентаваны на разлік паказчыка зыходзячы з індывідуальнай структуры расходаў чалавека, якая аказвае значны ўплыў на асабістае "адчуванне інфляцыі". Калькулятар персанальнай інфляцыі дазваляе сфарміраваць уласную структуру спажывецкіх расходаў карыстальніка (па ўкрупненых групах тавараў і паслуг) на падставе індывідуальных даных аб расходах на тавары і паслугі за пэўны перыяд і параўнаць індывідуальную структуру з сярэдняй па рэспубліцы, якая ляжыць у аснове разліку індэкса спажывецкіх цэн Белстатам. На падставе індывідуальнай структуры спажывецкіх расходаў і цэнавай інфармацыі па даных штомесячнай рэгістрацыі цэн Белстата разлічваецца персанальная інфляцыя карыстальніка за бягучы месяц, а таксама за папярэднія месяцы бягучага года ў дачыненні да папярэдняга месяца і снежня папярэдняга года.
"Прымаючы пад увагу спрошчаную схему разліку з дапамогай калькулятара, інфляцыя, якая разлічваецца для кожнага карыстальніка, з'яўляецца прыблізнай ацэнкай. Чым больш падрабязна карыстальнік запоўніць даныя аб уласных спажывецкіх расходах, тым больш дакладна будзе сфарміравана яго структура расходаў і адпаведна разлічаны персанальны індэкс спажывецкіх цэн", - дадалі ў Белстаце.
Для нагляднасці ў праграме прадугледжана прадстаўленне інфармацыі ў графічным выглядзе. Пры гэтым карыстальнік пры жаданні можа захаваць атрыманыя даныя ў файлах розных фарматаў. Такім чынам, "Калькулятар персанальнай інфляцыі" арыентаваны на шырокае кола карыстальнікаў і ва ўпрошчаным выглядзе дазволіць усім жадаючым ацаніць такі складаны макраэканамічны паказчык, як індэкс спажывецкіх цэн, рэзюмавалі ў Нацыянальным статыстычным камітэце.-0-