24 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Супрацоўнікі 9-га ўпраўлення (па Віцебскай вобласці) галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС Беларусі перакрылі канал незаконнай міграцыі ў Еўрасаюз у Браслаўскім раёне на мяжы з Літвой, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў 9-м упраўленні.
Пры адпрацоўцы атрыманай аператыўнай інфармацыі на аўтадарозе, якая вядзе ў бок мяжы з Літвой, былі затрыманы два грамадзяніны Беларусі і грамадзянін Расіі, якія спрабавалі пераправіць праз Дзяржаўную мяжу ў Літву чатырох грамадзян Афганістана, якія незаконна знаходзіліся ў Беларусі. У выпадку поспеху за кожнага перапраўленага яны мелі намер атрымаць па $2 тыс.
Праваахоўныя органы маюць падставы меркаваць, што затрыманыя з'яўляюцца ўдзельнікамі міжнароднай злачыннай групы, у якую акрамя грамадзян Беларусі і Расіі ўваходзілі грамадзяне Афганістана і краін Балтыі.
У дачыненні да траіх арганізатараў незаконнай міграцыі следчым упраўленнем папярэдняга расследавання УУС Віцебскага аблвыканкама ўзбуджана крымінальная справа па ч.2 арт. 371-1 КК Беларусі (арганізацыя незаконнай міграцыі), якая прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да сямі гадоў. У дачыненні да іншых удзельнікаў злачыннай групы праводзяцца неабходныя следчыя мерапрыемствы. Грамадзяне Афганістана па заканчэнні следства будуць прымусова дэпартаваныя.
Як адзначылі ва ўпраўленні, у бягучым годзе гэта першы выпадак затрымання на тэрыторыі вобласці арганізатараў незаконнай міграцыі грамадзян Афганістана, нягледзячы на неаднаразовае затрыманне нелегалаў з гэтай краіны, якія спрабавалі трапіць у Еўрасаюз.-0-
БЕЛТА
Канал незаконнай міграцыі грамадзян Афганістана ў ЕС перакрыты ў Браслаўскім раёне
24.11.20110 праглядаў