12 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Трансляцыя дэбатаў кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі пятага склікання завяршылася ў Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў рэспубліканскім унітарным прадпрыемстве радыётэлецэнтр "Тэлерадыёкампанія "Віцебск".
У эфір выйшлі восем тэлевізійных і шэсць радыё публічных перадвыбарных дыскусій. У тэледэбатах прымалі ўдзел ад двух да чатырох кандыдатаў або іх давераных асоб, а ў радыёдэбатах - да трох. Пры гэтым у радыёдэбатах кандыдаты аддалі перавагу выступіць самі, а вось весці дыскусію на вачах у выбаршчыкаў некаторыя прэтэндэнты на дэпутацкае крэсла даручылі сваім давераным асобам.
Перадвыбарныя праграмы кандыдатаў у дэпутаты апублікаваны ў мясцовых газетах, а да 15 верасня ў друку з'явяцца агітацыйныя матэрыялы, якія кандыдаты маюць намер аплаціць за кошт сваіх перадвыбарных фондаў. Такая магчымасць у іх з'явілася ў гэту выбарчую кампанію ўпершыню.
Агітацыйная кампанія кандыдатаў у рэгіёне працягваецца. Як адзначылі ў аддзеле арганізацыйна-кадравай работы Віцебскага аблвыканкама, у цяперашні час прэтэндэнты сустракаюцца са сваім электаратам. За ходам выбарчай кампаніі сочаць як унутраныя, так і міжнародныя назіральнікі.-0-
БЕЛТА
Кандыдаты ў дэпутаты ад Віцебскай вобласці завяршылі публічныя дыскусіі ў эфіры
12.9.20120 праглядаў