У Лепельскім раёне стартуе штогадовая рэспубліканская акцыя «Вакацыі без дыму і агню», якая будзе праходзіць у прышкольных і летніх аздараўленчых лагерах, а таксама ва ўстановах дашкольнай адукацыі.
Летнія вакацыі – гэта шчаслівая і самая доўгачаканая пара для ўсіх школьнікаў. Але менавіта ў гэты перыяд колькасць пажараў і іншых надзвычайных сітуацый з удзелам непаўналетніх узрастае. Нярэдка дзеці застаюцца без нагляду дарослых, а таму для арганізацыі вольнага часу дзяцей на Лепельшчыне пачынаюць працу школьныя і летнія лагеры, у якіх нярэдкімі гасцямі стануць работнікі МНС.
Галоўная мэта ратавальнікаў – папярэдзіць надзвычайныя сітуацыі па прычыне дзіцячай сваволі з агнём, а таксама гібель дзяцей на вадаёмах. На тэрыторыі лагераў, а таксама ва ўстановах дашкольнай адукацыі на інфармацыйных стэндах з'явіцца тэматычная наглядна-выяўленчая прадукцыя. Пройдуць прафілактычныя гутаркі работнікаў МНС, ОСВАД з дзецьмі, дэманстрацыя тэматычных і навучальных відэафільмаў, мультфільмаў, правядзенне віктарын па АБЖ, конкурсныя праграмы, прэзентацыя часопіса «Юны ратавальнік». Сярод непаўналетніх распаўсюдзяць навучальную наглядна-выяўленчую прадукцыю. Работнікі і дзяжурны персанал пройдуць навучанне правілам пажарнай бяспекі.
Да правядзення акцыі далучацца актывісты раённых (гарадскіх) аддзяленняў БМААСП, іншыя зацікаўленыя арганізацыі – РГАА «БДПА», аддзелы або ўстановы культуры і г.д.