Навучанне дзяцей асновам бяспекі – важная і адказная задача. Менавіта з малых гадоў фарміруюцца ключавыя веды і навыкі, якія дапамагаюць правільна паводзіць сябе ў экстрэмальных сітуацыях. Каб навучыць падрастаючае пакаленне асновам бяспекі, работнікі МНС праводзяць для школьнікаў тэматычныя мерапрыемствы, ператвараючы іх у займальныя ўрокі, дзе дзеці вучацца заўважаць патэнцыйныя рызыкі і пісьменна на іх рэагаваць.
Чарговае займальнае мерапрыемства з дзецьмі з прышкольнага лагера сярэдняй школы №1 горада Лепель правяла інспектар прапаганды Лепельскага раённага аддзела па НС Фядоравіч Таццяна Уладзіміраўна на базе дзіцячай раённай бібліятэкі.
Гутарачы з дзецьмі, Таццяна Уладзіміраўна раскрыла дзецям сакрэты бяспекі: расказала пра тое, што такое агонь і як трэба сябе паводзіць, каб не трапіць у бяду, заклікала дзяцей быць уважлівымі і асцярожнымі, не гуляць са спічкамі і іншымі небяспечнымі прадметамі.
Не абышлося і без загадак, конкурсаў і віктарын, дзе кожны змог праявіць сябе. Гуляючы, навучэнцы паўтарылі «5 крокаў выратавання» і нумары тэлефонаў экстранных службаў рэагавання, а замацаваць атрыманыя веды дапамаглі серыі мультфільмаў «Чароўная кніга».
У завяршэнне сустрэчы інспектар расказала школьнікам пра перыядычнае выданне «Юны ратавальнік» і парэкамендавала дзецям прымаць актыўны ўдзел у конкурсах, якія праводзіць рэдакцыя, каб атрымаць магчымасць выйграць каштоўныя прызы і падарункі.