31 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Кожнае дзясятае выданне, набытае Віцебскай абласной бібліятэкай імя У.І.Леніна ў 2011 годзе, было на беларускай мове, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА яе дырэктар Аляксандр Сямёнкін. У мінулым годзе на закупку літаратуры, перыёдыкі, аўдыё- і відэаматэрыялаў бібліятэка накіравала Br431 млн. У Год кнігі на гэтыя мэты аб'ёмы асігнаванняў узрастуць больш чым у 2,5 раза і перавысяць Br1 млрд. Як падкрэсліў Аляксандр Сямёнкін, значныя сродкі будуць накіроўвацца на набыццё літаратуры беларускіх выдавецтваў, у тым ліку і на беларускай мове. "Галоўнае, каб нашы пісьменнікі як мага больш пісалі і выдавалі літаратуры на роднай мове. Усё, што выдаецца ў Беларусі беларускага, на беларускай, рускай мове беларускіх аўтараў, пра Беларусь - усё купляем і будзем купляць", - падкрэсліў дырэктар. Прадвіжэнне беларускай кнігі з'яўляецца адной з найважнейшых задач бібліятэкі, таму тут рэгулярна праводзяцца сустрэчы пісьменнікаў з чытачамі, як масцітымі - членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі, так і маладымі аўтарамі. Па словах Аляксандра Сямёнкін, у цяперашні час у бібліятэцы праходзіць рэарганізацыя структуры ўстановы, дзякуючы якой чытачам стане зручней карыстацца бібліятэчным фондам. У прыватнасці, замест аддзела беларускай літаратуры будзе створаны аддзел краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі, а кніжны фонд беларускага аддзела будзе перададзены ў іншыя аддзелы ў адпаведнасці з тэматыкай. "Чытачам будзе прасцей арыентавацца ў выданнях па тэматычнай прыналежнасці, чым па моўнай. Да таго ж, існаванне беларускага аддзела ў беларускай бібліятэцы выводзіла яго на ўзровень аддзела замежнай літаратуры", - дадаў Аляксандр Сямёнкін. Віцебская абласная бібліятэка вядзе сваю гісторыю з 1925 года. Сёння гэта інфармацыйны, навукова-метадычны, культурны цэнтр. Універсальны фонд налічвае больш за 700 тыс. экзэмпляраў: кніг, перыёдыкі, нот, карт, выяўленчых матэрыялаў, аўдыёвізуальных дакументаў.-0-

БЕЛТА