25 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Полацк з'яўляецца выключным месцам для беларускай нацыі і народа, і наведаць яго павінен кожны беларус. Такі пункт гледжання выказаў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА міністр культуры Павел Латушка.
Выключнасць Полацка прадвызначана самой гісторыяй. Тут зарадзілася беларуская дзяржаўнасць, якая лягла ў аснову сучаснай дзяржаўнасці Беларусі. Імёны Ефрасінні Полацкай, Францыска Скарыны, Сімяона Полацкага ўпісаны залатымі літарамі ў гісторыю краіны і непасрэдна звязаны з Полацкай зямлёй. Полацк - гэта месца, дзе нарадзіўся першадрукар беларускай зямлі, які стварыў унікальныя шэдэўры друкаванага слова. У Год кнігі важна пра гэта ўспомніць, дадаў Павел Латушка. У Полацкім княстве быў пабудаваны велічны Сафійскі сабор - Полацкая Сафія - сімвал нашай духоўнасці, якая з'яўлялася адной з трох Сафій на славянскіх землях.
"Сёння важна памятаць пра сваю гісторыю, пра свае карані. Гэта аснова для пабудовы сучаснай дзяржаўнасці, аснова, якая непасрэдна ўплывае на развіццё беларускай культуры", - падкрэсліў Павел Латушка. На яго думку, кожны беларус павінен пабываць у Полацку. "Гэта неабходна для нашай ментальнасці, выхавання патрыятызму ў нашых дзяцей. Юбілейныя ўрачыстасці з'яўляюцца выдатнай магчымасцю яшчэ раз прыехаць ва ўнікальнае месца беларускай зямлі", - дадаў міністр.-0-
БЕЛТА
Кожны беларус павінен пабываць у Полацку - П.Латушка
25.5.20120 праглядаў