30 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Удзельная вага безнаяўных разлікаў з выкарыстаннем банкаўскіх пластыкавых картак у рознічным тавараабароце Віцебскай вобласці за 2011 год узрасла з 7,8% да 9,6%, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў галоўным упраўленні Нацыянальнага банка па Віцебскай вобласці. Удзельная вага безнаяўных аперацый у агульным аб'ёме аперацый па картках таксама павялічваецца. Калі на пачатак бягучага года на іх долю прыпадала 12%, то па дадзеных на 1 студзеня 2012 года - 15,5%. Як адзначаюць у галоўным упраўленні, колькасць тэрміналаў для абслугоўвання банкаўскіх пластыкавых картак найбольшымі тэмпамі працягвае расці на аб'ектах гандлю і сэрвісу. Калі з пачатку года колькасць тэрміналаў у цэлым вырасла на 24% і склала больш за 8 тыс., то на аб'ектах гандлю і сэрвісу іх колькасць павялічылася на 30% - з 4,3 тыс. да 5,6 тыс. Па дадзеных на пачатак 2012 года, у абарачэнні ў жыхароў рэгіёна знаходзіцца амаль 1,2 млн. банкаўскіх пластыкавых картак. Фактычна на 1 тыс. жыхароў прыпадае 950 пластыкавых картак, у той час як на 1 студзеня 2011 года іх было 886. У ГУ Нацбанка адзначаюць, што рост інфраструктуры апярэджвае рост колькасці пластыкавых картак: калі эмісія банкаўскіх пластыкавых картак з пачатку года ўзросла на 6,6%, то колькасць тэрміналаў - на 24,4%, банкаматаў - на 10,5%. -0-

БЕЛТА