25 мая, Полацк /Уладзімір Мацвееў - БелаПАН/. Кожны павінен свабодна выбіраць, на якой з дзяржаўных моў навучацца. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, наведваючы сёння Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, перадае карэспандэнт БелаПАН.
У прыватнасці, размова ішла аб тым, што перыядычна ў грамадстве і адукацыйнай сферы мусіруецца пытанне аб неабходнасці вывучэння таго ці іншага прадмета ў школах на якой-небудзь адной з дзвюх дзяржаўных моў. "Навошта падымаць пытанні, калі яны ўжо даўно вырашаны, і якія спакойна вырашаюцца самі па сабе", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
"Навошта лезці ў гэтыя пытанні. Хоча, напрыклад, Касінец (губернатар Віцебскай вобласці Аляксандр Касінец. - Заўвага БелаПАН) вывучаць "на беларускай мове гісторыю сярэдніх вякоў, - бяры падручнік і вывучай". Калі Радзькоў (першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандр Радзькоў. - Заўвага БелаПАН) хоча вывучаць на рускай мове, хай вывучае", - адзначыў Прэзідэнт.
Ён таксама заўважыў, што скончыў рускамоўную школу. Аднак гэта яму не перашкаджала паспяхова вывучаць беларускую мову.
У ходзе наведвання ўніверсітэта Аляксандру Лукашэнку далажылі аб планах па далейшым развіцці гэтай навучальнай установы, а таксама аб рэстаўрацыі і рэканструкцыі будынкаў былога езуіцкага калегіума, у корпусах якога размяшчаецца гэтая ўстанова адукацыі. Усяго было перададзена дзевяць корпусов. Да цяперашняга часу ўведзены ў эксплуатацыю пасля мадэрнізацыі шэсць з іх. "Я не верыў, што вы яго адновіце, і шкадаваў, што ўзяўся за гэта, але вы зрабілі нядрэнна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У цяперашні час колькасць студэнтаў Полацкага дзяржуніверсітэта складае каля 13,5 тыс. чалавек. У сувязі з гэтым плануецца будаўніцтва новага студэнцкага інтэрната на 730 месцаў.
Аляксандр Лукашэнка агледзеў памяшканні ўніверсітэта, азнаёміўся з арганізацыяй вучэбнага працэсу, пагутарыў са студэнтамі. -0-
БелаПАН
Кожны павінен свабодна выбіраць, на якой з дзяржаўных моў навучацца - А.Лукашэнка
25.5.20120 праглядаў