19 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Кожны пяты сельскагаспадарчы аб'ект у водаахоўных зонах на тэрыторыі Віцебскай вобласці прызнаны экалогамі патэнцыйна небяспечным і будзе вынесены за межы зоны ў найбліжэйшыя два гады, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Руслан Вінакураў.
Абласным камітэтам распрацоўваецца рэгіянальная праграма па паляпшэнні стану водных аб'ектаў. У ходзе работы над праграмай спецыялісты камітэта абследавалі ўсе 424 сельскагаспадарчыя аб'екты на тэрыторыі водаахоўных зон. Нанесці шкоду экалогіі могуць 90 з іх. Як правіла, гэта жывёлагадоўчыя фермы, пабудаваныя ў 60-я гады мінулага стагоддзя, - большасць з іх прыйшлі ў непрыдатнасць. Праграмай прадугледжана на працягу найбліжэйшых двух гадоў пазбавіцца ад гэтых аб'ектаў.
Цяпер у вобласці завершана распрацоўка праектаў водаахоўных зон і прыбярэжных палос, вызначаны мерапрыемствы па ліквідацыі шкоднага ўздзеяння на якасць вод. З водаахоўных зон і прыбярэжных палос ужо вынесена больш за 800 аб'ектаў, якія аказваюць уплыў на якасць вод, у тым ліку фермы, склады мінеральных угнаенняў, ядахімікатаў, гаруча-змазачных матэрыялаў. Праведзены навукова-даследчыя работы па ацэнцы сучаснага стану і ўплыву антрапагеннай нагрузкі на якасць вадаёмаў вобласці. Абследаваны 93 вадаёмы ў 16 раёнах вобласці. Найбольшую антрапагенную нагрузку выпрабоўваюць азёры Вялікае, Кагальнае, Лядна, Лукомскае, Міёрскае, Росана.-0-
БЕЛТА
Кожны пяты сельгас аб'ект у водаахоўных зонах у Віцебскай вобласці прызнаны экалагамі патэнцыйна небяспечным
19.11.20110 праглядаў