16 студзеня, Віцебск /Дыяна Курыла - БЕЛТА/. Рыбаперапрацоўчыя прадпрыемствы Беларусі адчуваюць недахоп айчыннай сыравіны. Пра гэта журналістам сёння заявіў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі Аляксандр Якабсон па выніках наведвання камунальнага вытворчага ўнітарнага прадпрыемства "Вытворча-тэхналагічны цэх г.Браслава", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў КДК Віцебскай вобласці.
КДК прыступіў да вывучэння становішча спраў у рыбнай галіне краіны, з гэтым звязана наведванне вытворча-тэхналагічнага цэха, дзе займаюцца выпускам кансерваў і прэсерваў. Аднак у агульным аб'ёме перапрацоўкі на прадукцыю з мясцовай сыравіны - сажалковай рыбы - прыпадае не больш за 4%, астатняя сыравіна імпартуецца з Расійскай Федэрацыі і краін Балтыі. Як растлумачылі спецыялісты, гэта абумоўлена тым, што кошт айчыннай сыравіны вышэйшы, чым завозной.
На думку Аляксандра Якабсона, склалася парадаксальная сітуацыя: у краіне ёсць магутнасці для перапрацоўкі, але ўласнай рыбы для іх поўнай загрузкі не хапае. Для скарачэння імпарту неабходна шукаць шляхі змяншэння кошту сыравіны, падкрэсліў ён.
Старшыня КДК таксама азнаёміўся з праектам інвестыцыйнага плана па стварэнні вытворчасці мяккіх сыроў на Браслаўскім філіяле ААТ "Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат".-0-
БЕЛТА
КДК канстатуе недахоп айчыннай сыравіны для рыбаперапрацоўчых прадпрыемстваў
16.1.20120 праглядаў