26 студзеня, Гродна /Алена Стасюкевіч - БЕЛТА/. Камітэт дзяржаўнага кантролю Беларусі будзе бязлітасна змагацца з ілжэпрадпрымальніцкімі структурамі. Пра гэта заявіў старшыня КДК Аляксандр Якабсон сёння ў Гродне на нарадзе з кіраўніцтвам вобласці, кантралюючымі, праваахоўнымі і судовымі органамі, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Аляксандр Якабсон адзначыў, што на працягу бліжэйшых пяці гадоў у краіне ўзяты курс на актывізацыю сярэдняга і малога бізнесу, стварэнне спрыяльнага інвестклімату, чаму спрыяе і прыняцце Дырэктывы №4. У сувязі з гэтым прагназуецца значны рост колькасці прадпрымальніцкіх структур, пашырэнне іх дзейнасці, што пацягне і павелічэнне нагрузкі на кантралюючыя органы. Пры гэтым, на думку кіраўніка КДК, варта чакаць і павелічэння колькасці ілжэпрадпрымальніцкіх структур. Камітэт дзяржкантролю павінен быць гатовы да гэтага, з такімі структурамі "будзе весціся бязлітасная барацьба", падкрэсліў Аляксандр Якабсон. Дарэчы, за апошні час супрацоўнікамі ўпраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў па Гродзенскай вобласці быў выяўлены шэраг такіх структур, зарэгістраваных на падстаўных асоб жыхарамі Мінска і грамадзянамі іншых дзяржаў. Вядуцца следчыя мерапрыемствы. З прычыны арыенціра новай пяцігодкі на інавацыі і інвестыцыі перад КДК стаяць таксама такія задачы, як прымяненне новых кіраўніцкіх практык, укараненне больш эфектыўных і менш рэсурсаёмістых метадаў кантролю. Што тычыцца кантралюемых прадпрыемстваў, то неабходна звяртаць увагу на высокую імпартаёмістасць, вывучаць прычыны адмоўнага сальда ў прадпрыемстваў, якія вядуць знешнеэканамічную дзейнасць. Так, ёсць прыклады, калі прывезенае з-за мяжы дарагаватае абсталяванне некалькі гадоў стаіць неманціраваным, не прыносіць грошы, дадаў Аляксандр Якабсон. -0-

БЕЛТА