25 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Камітэт дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці патрабуе ўзмацніць кантроль за выдачай пашпартоў гатоўнасці аб'ектаў ЖКГ да ацяпляльнага сезона. Пра гэта сёння на пашыранай калегіі рэгіянальнага кантрольнага ведамства паведаміў старшыня КДК Віцебскай вобласці Васіль Максімаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Пры праверцы выканання праграм па энергазберажэнні, а таксама гатоўнасці да работы ў асенне-зімовы перыяд прадпрыемстваў ЖКГ вобласці камітэтам былі ўстаноўлены факты расходу паліўна-энергетычных рэсурсаў звыш лімітаў, спажыванне паліўна-энергетычных рэсурсаў без распрацаваных і зацверджаных норм расходу, значныя страты вады і цяпла, што вядзе да росту затрат на вытворчасць паслуг. Так, у сярэднім па вобласці фактычны ўзровень страт цяпла ў сетках за 2012 год склаў 18,7% пры ўстаноўленым Саўмінам максімальным узроўні - не больш за 17%. З 28 арганізацый ЖКГ вобласці ў нарматыў укладваліся толькі дзесяць.
На думку спецыялістаў КДК, адной з прычын высокага ўзроўню страт з'яўляецца няякасная падрыхтоўка жыллёвага фонду, цеплавых сетак і цеплакрыніц да работы ў асенне-зімовы перыяд. Пры гэтым ва ўсіх правераных арганізацыях былі ў наяўнасці пашпарты гатоўнасці аб'ектаў і цеплакрыніц. На думку Васіля Максімава, у дадзеным выпадку не працуе сістэма нагляду, якую павінны ажыццяўляць інспектары філіяла "Энерганагляд" РУП "Віцебскэнерга". "Інспектары не гледзячы падпісваюць пашпарты гатоўнасці і спрыяюць халатнасці спецыялістаў ЖКГ, а пралікі кладуцца на кашалькі грамадзян", - канстатаваў ён. Па кожным выяўленым КДК факце неналежным чынам падрыхтаваных цеплакрыніц будуць прыняты меры дысцыплінарнага ўздзеяння да інспектараў "Энерганагляду". КДК вобласці запатрабаваў ад філіяла "Энерганагляд" узмацніць работу з інспектарскімі кадрамі.
Як растлумачыў начальнік упраўлення ЖКГ Віцебскага аблвыканкама Юрый Дзядзела, камісія па прыёмцы цеплакрыніц да ацяпляльнага сезона ствараецца на ўзроўні прадпрыемстваў ЖКГ. Пашпарты гатоўнасці аб'ектаў рыхтуюцца гэтай камісіяй і рэгістраруюцца ў філіяле "Энерганагляд". Па дадзеных "Энерганагляду", у мінулым годзе падчас падрыхтоўкі да ацяпляльнага сезона інспектарамі былі правераны больш за 1,4 тыс. аб'ектаў, выяўлена 325 парушэнняў.-0-