КДК Віцебскай вобласці выявіў парушэнні ў дзейнасці паляўнічых гаспадарак двух раёнаў
7.2.20120 праглядаў
7 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Камітэт дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці выявіў парушэнні ў дзейнасці паляўнічых гаспадарак двух раёнаў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Камітэта дзяржкантролю Беларусі.
Завершаны праверкі дзвюх арганізацый рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання "Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў": установы "Міёрская раённая арганізацыйная структура" і ўстановы "Докшыцкая раённая арганізацыйная структура".
Праверкай Міёрскай РАС выяўлены факты незаконнага здабыцця паляўнічых жывёл нармаваных відаў. Так, у паляўнічых угоддзях установы звыш плана здабыцця здабыта адна асобіна сеголетка касулі еўрапейскай. У мінулым годзе ў забароненым для палявання месцы здабыты дзік ва ўзросце да двух гадоў. Памер шкоды, прычыненай навакольнаму асяроддзю незаконным здабыццём маладняка касулі еўрапейскай і дзіка, склаў Br4,2 млн.
Улік здабытых трафеяў у Міёрскай РАС ажыццяўляўся не ў поўным аб'ёме. Так, у пашпарце карыстальніка паляўнічых угоддзяў пазначаны толькі адзін здабыты ў 2009 годзе трафей. У той жа час пры правядзенні паляванняў з удзелам замежных паляўнічых у 2009 годзе, згодна з пратаколамі паляванняў, было здабыта шэсць трафейных касулі еўрапейскай і дзве трафейныя асобіны дзіка, пры гэтым трафейныя лісты не афармляліся.
Грашовыя сродкі кіраўніком палявання здаваліся ў касу Міёрскай РАС з парушэннем устаноўленага парадку здачы выручкі - праз 12-269 каляндарных дзён пасля іх прыёму ад паляўнічых.
Праверкай планавання і правядзення біятэхнічных мерапрыемстваў устаноўлена, што ў 2009 годзе не быў выкананы план па будаўніцтве салонцаў для лася (пры плане 10 адзінак пабудавана 5) і будаўніцтве вышак (пры плане 6 адзінак - фактычна не будаваліся). У 2011 годзе замест запланаваных двух кармавых сховішчаў было пабудавана адно.
Докшыцкай РАС пры будаўніцтве вальера для ўтрымання і развядзення дзікіх жывёл каля вёскі Камайск (вядзецца з чэрвеня 2009 года) не выкананы абавязковыя для выканання патрабаванні тэхнічных нарматыўных прававых актаў і патрабаванні праектнай дакументацыі, зацверджанай ва ўстаноўленым парадку - агароджа вальера сеткай ажыццяўляецца з парушэннем патрабаванняў праектнай дакументацыі.
Раней праведзенай Камітэтам дзяржкантролю Віцебскай вобласці праверкай было ўстаноўлена, што Докшыцкай РОС дапушчана самавольнае заняцце пад вальер 41,3 га зямель. За самавольнае заняцце зямельнага ўчастка Докшыцкая РОС была прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе накладання штрафу ў суме Br1 млн. 750 тыс. (заплачаны ў бюджэт). Ужо пасля прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці Докшыцкай РОС зноў дапушчана самавольнае заняцце пад вальер зямельных участкаў агульнай плошчай 31,86 га.
Устаноўленыя праверкай парушэнні сталі следствам недастатковага кантролю за працай устаноў як з боку Віцебскай абласной арганізацыйнай структуры РДГА "Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў", так і рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання "Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў".-0-
БЕЛТА