6 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Камітэтам дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці падчас сумесных з упраўленнем па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі (УБЭЗ) УУС Віцебскага аблвыканкама праверак шэрагу арганізацый дарожнай гаспадаркі вобласці ўстаноўлены факты крадзяжу маёмасці, аплачваемай за кошт сродкаў бюджэту. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў КДК вобласці. У прыватнасці, кіраўнікі пасрэдніцкіх структур, злоўжываючы службовымі паўнамоцтвамі, па папярэдняй змове з службовымі асобамі арганізацый дарожнай гаспадаркі выкарыстоўвалі падробленыя дакументы аб руху таварна-матэрыяльных каштоўнасцей і здзейснілі такім чынам крадзеж 156 т нафтавага бітуму на Br384 млн. Сваімі дзеяннямі яны нанеслі шкоду ў буйным і асабліва буйным памеры. Здзяйсненню крадзяжоў спрыялі шматлікія парушэнні парадку афармлення першасных уліковых дакументаў: таварна-транспартных накладных на перавозку асфальтабетонных сумесяў, фармальнае правядзенне інвентарызацый матэрыялаў. Так, у адной з арганізацый для ўтойвання фактаў крадзяжу бітуму афармляліся фіктыўныя прыходныя і расходныя дакументы па руху матэрыялаў старонніх арганізацый. Акрамя таго, у выніку невыканання зацверджаных нормаў расходу матэрыялаў на вытворчасць асфальтабетонных сумесяў бітум неабгрунтавана спісваўся. Гадавыя інвентарызацыі матэрыялаў усімі праверанымі прадпрыемствамі праводзіліся фармальна. Праведзенымі падчас праверак інвентарызацыямі ўстаноўлены недахопы. Праверкамі таксама адзначана, што сістэма ўліку, якая прымяняецца ў арганізацыях, не забяспечвала поўную і дакладную інфармацыю аб руху матэрыялаў, не дазваляла праводзіць штодзённы аналіз спісання матэрыялаў у вытворчасць. Па выніках праверак УУС Віцебскага аблвыканкама узбуджана пяць крымінальных спраў у дачыненні да сямі службовых асоб. Праверкі працягваюцца.-0-

БЕЛТА