6 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі волат Кірыл Шымко па ўласным жаданні адправіцца 9 чэрвеня ў калонію №3 у Віцебскай вобласці. У папраўчай установе ён ацэніць фізічную падрыхтоўку зняволеных, паведаміў Кірыл карэспандэнту БЕЛТА.
Зняволеныя будуць дэманстраваць таленты ў умелым пад'ёме нетрадыцыйных цяжараў: бервяноў, камянёў, чамаданаў, грузавых пакрышак і іншых снарадаў, якія выкарыстоўваюцца на спаборніцтвах "Стронгмен".
Плануецца, што ў спаборніцтвах у розных катэгорыях возьмуць удзел каля 30 зняволеных. Характэрна, што большасць снарадаў для практыкаванняў зрабілі самі зняволеныя.
Кірыл Шымко наведвае калонію не дзеля забавы: атлет хацеў бы паўплываць на асуджаных, на асабістым прыкладзе паказаць, чаго можна дамагчыся, вядучы здаровы лад жыцця. Рэкардсмен кнігі рэкордаў Гінэса і ўдзельнік амерыканскага турніру наймацнейшых людзей планеты "Супер Серыі" выступіць са сваімі волацкімі нумарамі, у прыватнасці разарве жалезны ланцуг, скруціць патэльню, звяжа ў вузлы цвікі.
Кірыл Шымко - вядомы беларускі волат. З напарнікам Паўлам Сарокам ён рухаў чыгуначны састаў з пяці вагонаў, затым атлеты працягнулі больш чым на тры метры самалёт Іл-76 масай 150 т. У 2009 годзе ўстанавіў свой самы знакаміты рэкорд, удастоены ўнясення ў кнігу рэкордаў Гінэса - разам з Паўлам Сарокам ён змог зрушыць танк Т-34 вагой 30 т 900 кг на 5,1 м. Таксама рэкардсмену ўдалося самастойна зрушыць 55-тонны БелАЗ у цэнтры Мінска.-0-
БЕЛТА
Кірыл Шымко адправіцца ў калонію па ўласным жаданні
6.6.20120 праглядаў