20 чэрвеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Кітай кансультуе Беларусь па варыянтах далейшай стратэгіі на валютным рынку. Гэтае пытанне абмяркоўваюць сёння на сустрэчы Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка з дырэктарам дэпартамента фінансавага рынку Народнага банка Кітая Се До, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Яшчэ месяц таму ў сувязі з узнікненнем у нас праблем на спажывецкім і валютным рынку я слухаў не толькі наш урад і прадстаўнікоў Нацыянальнага банка па стабілізацыі сітуацыі, але працаваў з расіянамі, вядучымі сусветнымі банкамі, слухаў іх ацэнкі і прапановы, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Самае галоўнае для мяне было, гэта больш стратэгічнае пытанне, праца з кітайскімі спецыялістамі, прадстаўнікамі Народнага банка Кітая. Тады я праз нашага сябра, пасла КНР у Беларусі, звярнуўся да свайго сябра старшыні КНР Ху Цзіньтаа, урада, кіраўніцтва Народнага банка Кітая, каб да нас прыехалі спецыялісты і расказалі аб той сістэме кіравання фінансамі, якая склалася ў КНР".
"Мы добра ведаем, што яна не вельмі падабаецца амерыканцам, што гэта не нейкая асаблівая сістэма, але тым не менш яна вельмі эфектыўная і дае магчымасць КНР вырашаць любыя пытанні. Нас вельмі гэта цікавіла", - канстатаваў кіраўнік дзяржавы.
Па словах Аляксандра Лукашэнкі, кітайскіх спецыялістаў папрасілі, каб яны ацанілі сітуацыю ў Беларусі і выказалі сваю пазіцыю, прапанаваўшы шляхі выхаду з гэтай сітуацыі. "Кітайскім спецыялістам была пастаўлена задача, я папрасіў іх, каб яны ацанілі сітуацыю ў краіне, выказалі сваю пазіцыю і прапанавалі шляхі выхаду з гэтай сітуацыі, а таксама каб яны ацанілі нашы шляхі выхаду з яе. Але самае галоўнае, каб яны нам з іх пункту гледжання рэкамендавалі адзін з варыянтаў далейшай стратэгіі дзеянняў на валютным рынку, у прыватнасці працы Нацыянальнага банка. Як мне далажылі, спецыялісты КНР па ўсіх гэтых пытаннях маюць адказы", - расказаў Прэзідэнт Беларусі.
Кіраўнік дзяржавы таксама выказаў задавальненне праведзенай кітайскімі экспертамі працай, адзначыўшы, што многія яго пазіцыі супадаюць з меркаваннем кітайскіх спецыялістаў.
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка папрасіў перадаць шчырую падзяку кіраўніцтву Кітайскай Народнай Рэспублікі за вельмі аператыўную рэакцыю на яго просьбу і працу прадстаўнікоў гэтай краіны ў Беларусі. "Такіх адказных сумленных людзей у нас яшчэ не было", - падкрэсліў беларускі лідар.-0-
БЕЛТА
Кітай кансультуе Беларусь па варыянтах далейшай стратэгіі на валютным рынку
20.6.20110 праглядаў