Кітай выдзеліць $189 млн. пад будаўніцтва Віцебскай ГЭС
19.9.20110 праглядаў
19 верасня, Мінск /Ганна Кот - БЕЛТА/. Дзяржаўны банк развіцця Кітая выдзеліць крэдыт у $189 млн. для фінансавання інвестыцыйнага праекта па будаўніцтве Віцебскай гідраэлектрастанцыі на рацэ Заходняя Дзвіна. Адпаведная крэдытная дамова заключана паміж РУП "Віцебскэнерга" і кітайскім банкам, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве энергетыкі Беларусі.
Урад Беларусі прадастаўляе гарантыю дзяржаўнаму кітайскаму банку ў пагашэнні знешняй пазыкі, а таксама выплаце працэнтаў за карыстанне гэтай пазыкай і іншых плацяжоў па ёй. Банкам-агентам па абслугоўванні гарантаванай пазыкі вызначана ААТ "БПС-Банк". Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў Беларусі №1242 ад 17 верасня бягучага года.
Віцебскую гідраэлектрастанцыю магутнасцю 40 МВт плануецца ўвесці ў строй на рацэ Заходняя Дзвіна ў 2015 годзе. ГЭС дазволіць замяшчаць каля 42 тыс. т.у.т. у год. У снежні 2010 года заключаны кантракт з Кітайскай нацыянальнай карпарацыяй па электраабсталяванні. Згодна з дакументам, кітайскі бок павінен забяспечыць будаўніцтва аб'екта пад ключ. Акрамя таго, у абавязкі карпарацыі ўваходзяць выпрабаванні, здача аб'екта ў эксплуатацыю, яго тэхнічнае абслугоўванне ў гарантыйны перыяд і навучанне персаналу.
Таксама РУП "Віцебскэнерга" працуе над рэалізацыяй інвестпраекта па будаўніцтве яшчэ адной гідраэлектрастанцыі на Заходняй Дзвіне. Полацкую ГЭС магутнасцю 21,6 МВт плануецца запусціць у 2015 годзе. Штогадовая вытворчасць станцыяй электраэнергіі складзе 112 млн. кВт.г, што дазволіць замяшчаць 28 тыс. т.у.т. Узвядзенне Полацкай ГЭС прадугледжана дзяржпраграмай інавацыйнага развіцця Беларусі. Фінансаванне работ ажыццяўляецца Еўразійскім банкам развіцця праз прадастаўленне крэдыту "Віцебскэнерга" пад гарантыі ўрада Беларусі. Кантракт на будаўніцтва пад ключ Полацкай ГЭС заключаны з ААТ "ВА "Тэхнапрамэкспарт" (Расія) у 2010 годзе.
Найбольшы патэнцыял гідраэнергетыкі Беларусі засяроджаны ў Гродзенскай, Віцебскай і Магілёўскай абласцях, дзе размяшчаюцца басейны рэк Нёман, Заходняя Дзвіна і Дняпро. У планах - будаўніцтва дзвюх ГЭС на рацэ Нёман сумарнай магутнасцю 37 МВт, чатырох - на Заходняй Дзвіне (112 МВт) і чатырох - на Дняпры (20,3 МВт). Пасля ўводу іх у эксплуатацыю ўстаноўленая магутнасць гідраэлектрастанцый, якія знаходзяцца на балансе ГПА "Белэнерга", складзе каля 180 МВт.
Да 2016 года аб'яднанне плануе ўвесці чатыры буйныя гідраэлектрастанцыі. Ужо ў 2012 годзе пачне працу Гродзенская ГЭС магутнасцю 17 МВт на рацэ Нёман. У 2015 годзе першыя кілават-гадзіны выпрацуюць Полацкая ГЭС на Заходняй Дзвіне (22 МВт), Віцебская (40 МВт) і Нёманская гідраэлектрастанцыі (20 МВт). Вядзецца выбар інвестара для рэалізацыі будаўніцтва Нёманскай ГЭС. Прагназуемая гадавая выпрацоўка электраэнергіі складзе да 0,4 млрд. кВт.г, што эквівалентна замяшчэнню каля 128 тыс.т.у.т. у год. -0-
БЕЛТА