Вядомы кітайскі мастак Ван Юйгэнь падарыў абласному краязнаўчаму музею сваю працу, на якой выявіў музей-сядзібу Ільі Рэпіна «Здраўнёва». Ён пераадолеў тысячы кіламетраў, каб асабіста ўручыць карціну ў месцы, дзе тварыў вялікі рускі жывапісец.

– У Кітаі Ілья Рэпін – шанаваны мастак. Я шчаслівы, што пабываў у яго сядзібе, дзе ён пісаў свае геніяльныя палотны. Гэтае месца зрабіла на мяне вялікае ўражанне, і я вырашыў выказаць свае пачуцці ў гэтай працы. Перадаць у ёй таксама веліч і прыгажосць беларускай прыроды, – распавёў Ван Юйгэнь.

Гэта пяты прыезд мастака з Паднябеснай у нашу краіну. У Беларусі праходзілі выставы яго карцін. Працы Ван Юйгэня адзначаны глыбокім веданнем традыцыйнай кітайскай культуры, спалучэннем абстракцыянізму і рэалізму. Сам мастак з'яўляецца прадстаўніком ЮНЕСКА ў Кітаі, прарэктарам Акадэміі жывапісу і каліграфіі ў адным з найстарэйшых гарадоў – Баодыне.

Карціну пад назвай «Дом-музей» Ван Юйгэнь напісаў у 2015 годзе пасля першага наведвання сядзібы «Здраўнёва». Яна напісана ў традыцыйнай кітайскай тэхніцы – тушшу на рысавым паперы.

Разам з мастаком у Віцебск прыехаў Лю Гуанцын – старшыня канфедэрацыі творчых саюзаў у Кітаі, арганізацыі, якая садзейнічае наладжванню культурных сувязей паміж дзвюма краінамі. Як адзначыў яго беларускі калега – ганаровы старшыня канфедэрацыі творчых саюзаў нашай краіны Уладзімір Пракопцаў, ёсць планы ў наступным годзе арганізаваць у Віцебскім краязнаўчым музеі выстаўку кітайскіх мастакоў, а таксама пленэр у Здраўнёве.