28 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Класы моўнай падрыхтоўкі бежанцаў адкрыліся ў Віцебску і Гомелі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. У Віцебску клас моўнай падрыхтоўкі бежанцаў створаны на базе ўніверсітэта імя П.М.Машэрава, у Гомелі - на базе ўніверсітэта імя Ф.Скарыны. Сродкі, накіраваныя на гэтыя мэты, склалі ў цэлым каля 20 тыс. еўра. Адкрыццё класаў моўнай падрыхтоўкі бежанцаў рэалізавана па праекце міжнароднай тэхнічнай дапамогі ЕС-УВКБ ААН "Інтэграцыя бежанцаў у Беларусі, Малдове і Украіне". На цырымоніі адкрыцця ў Віцебску прадстаўніца Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў Шоле Сафаві адзначыла, што гэты праект рэалізуецца з 2009 года. За першыя тры гады на яго правядзенне ў Беларусі было накіравана больш за 600 тыс. еўра, адкрыты клас моўнай падрыхтоўкі бежанцаў пры Беларускім дзяржаўным універсітэце. З 2012 года рэалізуецца другі этап з фінансаваннем у памеры 138 тыс. еўра. Аднак у кастрычніку арганізацыяй будзе разглядацца пытанне аб мэтазгоднасці падваення гэтай сумы. Падкрэсліваючы значнасць праекта "Інтэграцыя бежанцаў у Беларусі, Малдове і Украіне", Шоле Сафаві адзначыла, што ўрачыстае адкрыццё класаў моўнай падрыхтоўкі бежанцаў у Віцебску і Гомелі адбылося сёння, аднак функцыянаваць яны пачалі каля двух тыдняў таму. "За гэты кароткі перыяд прадстаўнікі мясцовых органаў улады, зацікаўленых ведамстваў і грамадскіх арганізацый у абласных цэнтрах змаглі пераканацца ў іх актуальнасці ў плане моўнай адаптацыі бежанцаў. Гэта асноватворны кампанент інтэграцыі бежанцаў у грамадстве прымаючай краіны", - сказала Шоле Сафаві. Пытанне аб адкрыцці аналагічных класаў у іншых рэгіёнах Беларусі пакуль не разглядаецца з-за малой колькасці ў іх асоб, прызнаных бежанцамі, аднак магчымасць гэтага не выключана, дадала прадстаўніца УВКБ ААН. Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця класа моўнай падрыхтоўкі бежанцаў у Віцебску прынялі ўдзел прадстаўнікі УВКБ ААН, ВДУ імя П.М.Машэрава, ГДУ імя Ф.Скарыны, БОКК, Міністэрства адукацыі Беларусі, дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС. Падчас мерапрыемства паміж імі былі падпісаны мемарандумы аб супрацоўніцтве.-0-

БЕЛТА