Сёлета фальклорна-кулінарны калектыў “Стайскія прысмакі” прэтэндуе на прысваенне звання народнага. Дык чым жа ён адметны?

Сёлета фальклорна-кулінарны калектыў “Стайскія прысмакі” прэтэндуе на прысваенне звання народнага. Дык чым жа ён адметны?

Згуртаванне нарадзілася гадоў пятнаццаць таму пры Стайскім СДК. Гасцінныя стайчане, рыхтуючыся да таго ці іншага культурнага мерапрыемства ў вёсцы, варылі, смажылі, пяклі і брадзілі, на агульны стол ставілі ўсё, чым хата багата. Стараліся адзін перад адным, і ў часе добрай канкурэнцыі, за агульнай справай, пасябравалі. Спачатку такім чынам забяспечвалі правіянтам мясцовы калектыў “Спадчына” падчас правядзення ім розных абрадаў, а затым вырашылі сабрацца ў самастойны гурт.

Першым кіраўніком стала бібліятэкар Алена Пацэла. Затым прыняла эстафету загадчыца Стайскага СДК Ларыса Парфяновіч. На той час калектыў ужо разросся чалавек да дванаццаці. Пачаліся першыя выставы кулінарных страў, паездкі на кірмашовыя пляцоўкі раёна і вобласці. Самая цікавая атрымалася выстава “Вялікдзень”. Гаспадарамі і гасцямі быў спечаны кулеш, які побач з чырвонымі яйкамі стаў асновай багатага велікоднага стала. Тады ж у Стаях удзельнікамі гурта быў майстэрскі выкананы абрад “Валачобнікі”, і такім чынам калектыў на поўны голас заявіў пра сябе не толькі як пра кулінараў таленавітых, але і як пра выканаўцаў аўтэнтычнага фальклору.

А жыхары вобласці ўпершыню пачулі пра стайскую кухню ў Лёзне, на фальклорным фестывалі “Свята ў маёнтку Страганы”, прысвечаным знакамітаму фалькларысту пану Рыпінскаму. Не толькі пачулі, але і пакаштавалі з задавальненнем стайскіх прысмакаў. Там калектыў стаў лаўрэатам. А затым стайскіх кулінараў неаднаразова бачылі і на “Славянскім базары”.