Урачыстае адкрыццё абласнога клуба «Шчасце», утворанага па ініцыятыве грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз жанчын», адбылося ў канцэртнай зале «Віцебск».

Клуб створаны з мэтай садзейнічання ўмацаванню інстытута традыцыйнай сям'і, падтрымкі мацярынства і дзяцінства. Да гэтай працы лідары жаночага руху вобласці заклікалі далучыцца мужчын, разлічваючы на падтрымку сваёй ініцыятывы.

Старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Марына Новіцкая ўрачыста ўручыла пасведчанні ганаровага ўдзельніка Віцебскага абласнога клуба «Шчасце» першаму намесніку старшыні абласнога выканаўчага камітэта Анатолю Ліневічу, старшыні Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў Уладзіміру Белевічу, старшыні Віцебскай абласной арганізацыі грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Валяр'яну Мацкевічу, дырэктару філіяла «Віцебскводаканал» унітарнага прадпрыемства «Віцебскаблводаканал» Вадзіму Копылаву і іншым вядомым у вобласці прадстаўнікам моцнага полу, якія падстаўляюць плячо саюзу жанчын.

Вікарый Віцебскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы епіскап Друцкі Яўсевій, кажучы пра шчасце, адзначыў, што яно, як кветка, патрабуе паліву і догляду, падкрэсліў важнасць шлюбу, сям'і, а таксама выказаў упэўненасць, што немагчыма стаць шчаслівымі без веры.

У Віцебскай вобласці налічваецца 11 тысяч 768 шматдзетных сем'яў. Зала вітала іх прадстаўнікоў – шматдзетныя сем'і Аўлуковых, Лебедзевых, Чарноўскіх, Мяншыкавых, дзе выхоўваюцца па 5 дзяцей.