25 мая, Полацк /Кар. БЕЛТА/. Кніга "Полацк-Смаленск: вехі агульнага лёсу" – гэта яскравае сведчанне адзінага мінулага, сучаснасці і будучыні, брацкай духоўнай сувязі народаў Беларусі і Расіі. Такое меркаванне выказаў карэспандэнту БЕЛТА адзін з аўтараў кнігі, галоўны дырэктар радыё "Беларусь", пісьменнік і паэт Навум Гальперовіч, які прымае ўдзел у святкаванні 1150-годдзя Полацка.
Сёння ў Музеі беларускага кнігадрукавання Полацка адбылася прэзентацыя кнігі "Полацк-Смаленск: вехі агульнага лёсу" (аўтары Навум Гальперовіч і Наталля Ваніна). Яна выпушчана ў выдавецтве "Пачатковая школа" Міністэрства адукацыі Беларусі пры падтрымцы Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы.
Кніга ўяўляе сабой своеасаблівы даведнік па Полацку і Смаленску, а таксама расказвае пра гісторыю гэтых гарадоў ад першага згадвання ў летапісе да сучаснасці. Маляўнічыя ілюстрацыі знаёмяць чытача з славутасцямі, помнікамі даўніны, музейнымі экспазіцыямі двух гарадоў. "У гэтай кнізе мы хацелі падкрэсліць гістарычную сувязь паміж нашымі народамі, расказалі пра культурныя і духоўныя традыцыі, а частку кнігі прысвяцілі сучаснаму супрацоўніцтву ў розных сферах у межах Саюзнай дзяржавы", – сказала Наталля Ваніна.
Па рашэнні Пастаяннага камітэта частка тыражу будзе накіравана ў бібліятэкі і навучальныя ўстановы Беларусі, а частка – у Смаленск. "Гэтыя кнігі стануць нашым падарункам гарадам да іх юбілеяў", – сказаў карэспандэнту БЕЛТА намеснік дзяржаўнага сакратара, член Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Іван Бамбіза. –0–
БЕЛТА
Кнігу "Полацк-Смаленск: вехі агульнага лёсу" прэзентавалі ў старажытным беларускім горадзе
25.5.20120 праглядаў