З малых гадоў нас атачаюць кнігі: спачатку дзіцячыя, дзе мала тэксту і шмат вялікіх малюнкаў, потым прапарцыйна ўзросту ўсё больш сур'ёзныя, дзе змест пераважае над ілюстрацыяй. Чалавек расце фізічна і духоўна, пераходзячы ад зрокавага павярхоўнага ўспрымання да больш глыбіннага, пачынае ў поўнай меры спазнаваць сілу слова. Асаблівую ўвагу Кнізе было нададзена ў завершаным 2012 годзе.

 Пры ўваходзе ў цэнтральную бібліятэку многія напэўна звярталі ўвагу на дзверы з надпісам «Аддзел бібліякаркетынгу». Менавіта туды трымаю шлях – да загадчыцы Ганны Дзятко. У гэтым кабінеце адсочваюць і аналізуюць патрэбы чытачоў, нараджаюцца ідэі аказання новых паслуг, ведаюць, чым і як жыве кожная асобная бібліятэка (усяго іх 24), увогугу, кампетэнтныя ў пытаннях, якія мяне цікавяць.

 Колькі ўсяго экзэмпляраў літаратуры ў раёне, якія маштабы? Лічба ўражвае – 223 802 выданні знаходзіцца ў фондзе сеткі бібліятэк. Мяркуючы па кнігавыдачы за мінулы год, насельніцтва аддае перавагу часопісам. Іх пагартаць узялі 209 651 раз. Кніг на рукі выдадзена менш – 128 371 экзэмпляр, аднак і іх прачытанне, у параўнанні з глянцам – працэс больш працяглы, які патрабуе асэнсавання і канцэнтрацыі. А як абстаноўка з жыхарамі аддаленых вёсак з невялікай колькасцю? Пазабавіліся і пра гэтых людзей: з лістапада 2010 года па васьмі маршрутах працуе бібліобус. У 42 вёскі прыязджае машына з кнігамі для 323 пастаянных чытачоў.

 Цэнтральная бібліятэка даўно перастала быць проста пунктам выдачы літаратуры. На яе базе насельніцтву аказваецца 49 відаў платных паслуг, дзейнічае публічны цэнтр прававой інфармацыі. Любы грамадзянін можа прыйсці і даведацца апошнія змены ў заканадаўстве, пачытаць неабходныя прававыя дакументы. Маецца база «Эталон». З яе дапамогай лёгка знайсці і прачытаць рашэнні органаў мясцовага самакіравання, міжнародныя дагаворы, судовую практыку. Абнаўляецца штодня.

***