3 жніўня, Мінск /Юлія Агнеева - БЕЛТА/. Эканоміка Беларусі павінна быць збалансаванай і дазваляць рэалізоўваць прыярытэты развіцця на бягучую пяцігодку, заявіў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў "Аб праектах прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2017 год і параметрах асноўных паказчыкаў на 2018-2019 гады, асноўных напрамках грашова-крэдытнай палітыкі Рэспублікі Беларусь і рэспубліканскага бюджэту на 2017 год", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы павінны мець збалансаваную эканоміку, якая дазваляе рэалізоўваць прыярытэты развіцця на бягучую пяцігодку, замацаваныя ў асноўных палажэннях пяцігадовай праграмы, якія былі адобраны на пятым Усебеларускім народным сходзе. Галоўны прыярытэт - збалансаванасць плацежнага балансу і бюджэту, зніжэнне інфляцыі. На гэта павінны быць нацэлены ўсе інструменты эканамічнай палітыкі", - адзначыў Андрэй Кабякоў.

Паводле яго слоў, задачы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі цесна звязаны з праектам бюджэту і асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі. "У канцы чэрвеня, літаральна праз тыдзень пасля пятага Усебеларускага народнага сходу, мы падрабязна разгледзелі канцэптуальнасць прагнозу і фінансавай палітыкі, вызначыліся па прынцыповых падыходах да прагназавання эканомікі і фарміравання праекту бюджэту", - нагадаў прэм'ер-міністр. З улікам абмеркаванняў і прапаноў, якія паступілі, распрацаваны і ўнесены на разгляд Прэзідыума пакет дакументаў: два праекты указаў - "Аб задачах сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2017 год" і "Аб асноўных напрамках грашова-крэдытнай палітыкі Рэспублікі Беларусь на 2017 год" і два праекты законаў - "Аб рэспубліканскім бюджэце на 2017 год" і "Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь".

Андрэй Кабякоў паставіў задачу, каб мэтавыя параметры эканамічнага развіцця адпавядалі мэтавым задачам пяцігодкі. "Мы павінны гарантавана выканаць знешнія абавязацельствы Беларусі без зніжэння золатавалютных рэзерваў. Выплата па дзярждоўгу ў 2017 годзе складзе парадку $3,2 млрд разам з працэнтамі", - канстатаваў ён.