Прынятыя ў Беларусі меры па фінансавым аздараўленні прадпрыемстваў АПК даюць станоўчы эфект. Пра гэта заявіў журналістам прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў, які знаходзіцца з рабочай паездкай у Віцебскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Андрэй Кабякоў наведаў некалькі прадпрыемстваў у Глыбокім, дзе яму было даложана аб ходзе выканання указаў па фінансавым аздараўленні перапрацоўчых і сельскагаспадарчых арганізацый. Прэм'ер-міністр адзначыў, што такія паездкі ў рэгіёны, сустрэчы з мясцовымі ўладамі і кіраўнікамі прадпрыемстваў пераважна звязаны з ацэнкай вынікаў выканання указаў, накіраваных на аздараўленне фінансава-эканамічнага стану прадпрыемстваў АПК. Віцебская вобласць адной з першых трапіла пад дзеянне такіх указаў, тут створаны аграхолдынгі, і ўжо можна падвесці першыя вынікі. "На прыкладзе мясакамбіната і малочна-кансервавага завода ацэньваем, як прымяненне указаў паўплывала на эканамічны стан прадпрыемстваў, на іх здольнасць забяспечыць своечасовыя разлікі з прадпрыемствамі сыравіннай зоны, якія перспектывы іх удзелу ў развіцці гэтых сыравінных зон", - сказаў ён.

"Першапачатковы этап паказаў, што рэалізацыя гэтых дакументаў дае станоўчы эфект, - падкрэсліў Андрэй Кабякоў. - Калі раней размова ішла аб тым, каб проста забяспечыць бягучую дзейнасць прадпрыемстваў, то сёння ўжо размова аб іншым. Фарміруюцца кропкі канцэнтрацыі прыбытку, і мы абмяркоўваем, як за кошт гэтага прыбытку аказваць уздзеянне на сыравінныя зоны, уплываць на развіццё сельгаспрадпрыемстваў, якія знаходзяцца ў няпростай сітуацыі. У гэтых сельгасвытворцаў з'яўляецца рэальная перспектыва ўступіць на шлях аздараўлення на добрай эканамічнай аснове, без якога-небудзь фінансавання, не звязанага з вынікамі дзейнасці".

"У нас у краіне забяспечваецца макраэканамічная стабілізацыя, інфляцыйныя працэсы затухаюць, працэнтныя стаўкі па крэдытах, хоць і павольней, чым нам хацелася б, але зніжаюцца. У гэтых умовах мы знаходзім спосабы ўздзеяння на паляпшэнне фінансавага стану прадпрыемстваў. І гэта ўсё ў сукупнасці дасць здаровы эканамічны рост без якіх-небудзь ваганняў у горшы бок", - падагульніў Андрэй Кабякоў.