8 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Савеце Рэспублікі ў рэжыме анлайн прайшло пасяджэнне Асацыяцыі кіраўнікоў устаноў адукацыі. Разам са старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай дырэктары школ абмеркавалі стварэнне адзінай платформы дыстанцыйнага навучання, пашырэнне ўзаемадзеяння з сям'ёй і іншыя актуальныя пытанні сістэмы адукацыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Наталля Качанава нагадала, што асноўныя напрамкі ў развіцці адукацыі дакладна вызначыў Рэспубліканскі педагагічны савет, у якім у 2017 годзе прымаў удзел Прэзідэнт. "Для нас важна сёння, як выконваюцца даручэнні, якая сітуацыя складваецца ў навучальных установах краіны, як прайшла чацвёртая навучальная чвэрць, якая супала з няпростым эпідэміялагічным перыядам. Пытанні, якія вынесены на абмеркаванне, вельмі актуальныя", - сказала старшыня Савета Рэспублікі.
Спікер выказала ўпэўненасць, што размова будзе карыснай і паспрыяе таму, "каб і ў далейшым прымаць, калі гэта запатрабуецца, абсалютна правільныя і вывераныя рашэнні, якія будуць на карысць развіцця сістэмы адукацыі".
Падчас відэаканферэнцыі абмяркоўвалася выкарыстанне ў навучанні інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Размова ішла перш за ўсё аб адзінай платформе дыстанцыйнага навучання, распрацоўка якой цяпер вядзецца. "Ідзе актыўная работа. Збіраюцца матэрыялы вядучых педагогаў, настаўнікаў-метадыстаў. Школы прадастаўляюць свой матэрыял для гэтай платформы. Гэта ўсё акумулюецца", - расказала журналістам член Савета Рэспублікі, дырэктар сталічнай гімназіі №10, старшыня савета Асацыяцыі кіраўнікоў устаноў адукацыі Марына Ільіна. Паводле яе слоў, партал ствараецца з выкарыстаннем перадавых тэхналогій. Ён стане пляцоўкай, дзе дзеці змогуць атрымаць кампетэнтныя адказы на пытанні са школьнай праграмы. "Мяркую, гэта будзе вельмі годная платформа, дзе можна будзе выдалена атрымліваць якасную адукацыю. Зробім усё магчымае, каб платформа запрацавала да канца года", - падкрэсліла сенатар.