Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа ў Віцебску завяршае 91-ы сезон прэм'ерай спектакля "Дарослыя дзеці", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўстанове культуры.
Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа ў Віцебску завяршае 91-ы сезон прэм'ерай спектакля "Дарослыя дзеці", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўстанове культуры.
Гісторыю кахання ў двух дзеяннях на коласаўскай сцэне паставіў заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі Юрый Пахомаў. Прэм'ера спектакля, які створаны па вядомай п'есе амерыканскага драматурга Леанарда Герша "Гэтыя вольныя матылькі", адбудзецца 30 ліпеня. Варта адзначыць, што музычнае афармленне спектакля таксама ажыццявіў Юрый Пахомаў. Дарэчы, папярэдні сезон тэатр завяршаў пастаноўкай гэтага ж рэжысёра (па п'есе Джона Патрыка "Дзіўная місіс Сэвідж").
Новая пастаноўка ў першую чаргу адрасавана моладзі, але будзе цікавая і бацькам дарослых дзяцей. Гэта гісторыя пра складаныя ўзаемаадносіны паміж людзьмі, чыімі ўчынкамі кіруе каханне. "Старэйшаму пакаленню карысна будзе збоку зірнуць на актуальную ва ўсе часы праблему бацькоў і дзяцей. Можа быць, гэтая гісторыя дапаможа бацькам лепш зразумець сваіх нашчадкаў, якія выраслі, але яшчэ зусім юных", - адзначылі ў тэатры.
Стваральнікі спектакля прапануюць гледачам разам паспрабаваць знайсці адказы на пытанні, што такое свабода, ці трэба атачаць дзіця апекай, што ў жыцці самае галоўнае і як пад націскам жыццёвых няўдач не страціць шчырасць і дабрыню.
У спектаклі занятыя заслужаная артыстка Беларусі Таццяна Ліхачова, артысты Раман Салаўёў, Анастасія Рэйшэнка, Аляксандр Базук.
Дарэчы, Юрый Пахомаў даўно і паспяхова супрацоўнічае з віцебскім тэатрам. Рэжысёр паставіў на коласаўскай сцэне такія палюбіўшыяся гледачам спектаклі, як "Ён. Яна. Акно. Нябожчык.", "Чума на вашы дзве сям'і", "Утаймаванне наравістай", "Памінальная малітва".