24 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Амаль дзве траціны спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях, разгледжаных у судах у Віцебскай вобласці ў 2011 годзе, складаюць справы аб дробным хуліганстве і распіцці алкаголю ў грамадскіх месцах, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным судзе.
На долю спраў аб дробным хуліганстве ў мінулым годзе прыпала амаль 39%, аб распіцці алкагольных напояў у грамадскім месцы або з'яўленне ў грамадскім месцы ці на працы ў стане ап'янення - каля 32%. Пры гэтым колькасць такіх спраў вырасла ў параўнанні з 2010-м, таксама як і адміністрацыйных спраў у цэлым.
У мінулым годзе судамі разгледжана звыш 73,2 тыс. спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях, што на 10% больш, чым у 2010-м. У дачыненні да 65,9 тыс. асоб накладзена адміністрацыйнае спагнанне, 420 асоб вызвалены ад адміністрацыйнай адказнасці. Для параўнання: у 2010 годзе судамі было разгледжана 67,6 тыс. такіх спраў, адміністрацыйнае спагнанне накладзена на 61,2 тыс. грамадзян, 276 былі вызвалены ад адказнасці. Занепакоенасць судоў выклікае факт павелічэння спыненых адміністрацыйных спраў. У мінулым годзе іх удзельная вага павялічылася ў параўнанні з 2010-м і склала 8,5%. Пры гэтым з агульнай колькасці спыненых адміністрацыйных спраў у 35% выпадкаў вытворчасць спыняецца з-за адсутнасці ў дзеянні складу адміністрацыйнага правапарушэння.
Якасць вядзення адміністрацыйнага працэсу не засталася па-за ўвагай мясцовых органаў улады. Разглядаючы вынікі работы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб, аблвыканкам звярнуў увагу службовых асоб органаў, якія вядуць адміністрацыйны працэс, на неабходнасць забяспечыць правядзенне ўсебаковых, поўных, аб'ектыўных праверак матэрыялаў аб адміністрацыйных правапарушэннях пры іх разглядзе і запатрабаваў выключыць выпадкі неабгрунтаванага прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці, парушэння правоў і законных інтарэсаў грамадзян і юрыдычных асоб, актывізаваць прафілактычную дзейнасць.
На разгляд у суды Віцебскай вобласці ў мінулым годзе паступіла 6,7 тыс. крымінальных спраў, звыш 43 тыс. грамадзянскіх. У параўнанні з 2010-м колькасць крымінальных і грамадзянскіх спраў паменшылася на 18,5% і 8% адпаведна.-0-
БЕЛТА
Колькасць спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях вырасла ў судах Віцебскай вобласці за год на 10%
24.2.20120 праглядаў