21 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Пакаранне ў выглядзе пазбаўлення і абмежавання волі стала менш прымяняцца судамі ў Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным судзе. У 2011 годзе ў параўнанні з 2010-м у судах значна зменшылася ўдзельная вага асоб, асуджаных да такога віду крымінальнага пакарання як пазбаўленне волі - на 1,8%, абмежаванне волі - на 3,5%, штраф - на 3%, выпраўленчыя работы - на 4,2%. Пры гэтым адбылося павелічэнне ўдзельнай вагі іншых мер крымінальнай адказнасці, да якіх адносяцца асуджэнне з адтэрміноўкай прыгавору, асуджэнне з умоўным непрымяненнем пакарання, на 4,8%. Гэтыя віды пакарання з'яўляюцца формамі рэалізацыі крымінальнай адказнасці і дасягнення яе мэт шляхам ажыццяўлення ў дачыненні да вінаватага мер прафілактычнага і выпраўленчага ўздзеяння, але без прымянення крымінальнага пакарання, растлумачылі ў судзе. Акрамя таго, 5,6% ад колькасці прыцягнутых да адказнасці вызвалены ад крымінальнай адказнасці на падставе артыкулаў 86-89 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь у сувязі з прыцягненнем асобы да адміністрацыйнай адказнасці, у сувязі з стратай дзеяннем грамадскай небяспекі, у сувязі з раскаяннем, а таксама з прыміраннем з пацярпелым. Такое становішча спраў з крымінальным пакараннем адпавядае палажэнням Канцэпцыі ўдасканалення сістэмы мер крымінальнай адказнасці і парадку іх выканання, зацверджанай указам №672 ад 23 снежня 2010 года. Гэты сістэмны дакумент запланаваў комплекс арганізацыйна-практычных, заканадаўчых і іншых мерапрыемстваў па ўдасканаленні сістэмы пакаранняў і іншых мер крымінальнай адказнасці ў мэтах забеспячэння іх адпаведнасці ўзроўню сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублікі, мэт сацыяльнай адаптацыі асуджаных і структуры злачыннасці. У прыватнасці, канцэпцыя прадугледжвае пашырэнне прымянення альтэрнатыўных пазбаўленню волі відаў пакаранняў і іншых мер крымінальнай адказнасці, узмацненне папераджальнага ўздзеяння адтэрміноўкі выканання пакарання, умоўнага непрымянення пакарання, асуджэння без прызначэння пакарання. У судах Віцебскай вобласці з вынясеннем прыгавору ў 2011 годзе разгледжана 6,1 тыс. крымінальных спраў, іх колькасць у параўнанні з 2010-м зменшылася на 19%. Асуджана 6,7 тыс. чалавек, што на 19,6% менш, чым у 2010-м.-0-

БЕЛТА