24 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Колькасць пажараў у Віцебскай вобласці знізілася за першае паўгоддзе бягучага года ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 10%, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным упраўленні МНС.

За студзень-чэрвень у рэгіёне адбыўся 581 пажар, што на 61 выпадак менш, чым за шэсць месяцаў 2012 года. Ахвярамі агню сталі 75 чалавек (у тым ліку 1 дзіця), што менш на 8 чалавек, або 10%. Пажарамі знішчана 170 будынкаў, 32 адзінкі жывёлы, 30 адзінак тэхнікі, 508 т кармоў. Прычыненая матэрыяльная шкода перавысіла Br14 млрд. Разам з тым супрацоўнікам МНС удалося выратаваць на пажарах 85 чалавек, а таксама 851 будынак, 174 адзінкі жывёлы, 15 т кармоў, 64 адзінкі тэхнікі, матэрыяльных каштоўнасцей на суму больш Br17 млрд.

Асноўнымі прычынамі пажараў сталі неасцярожнае абыходжанне з агнём (272 пажары, або 47% ад агульнай колькасці), парушэнне правіл эксплуатацыі печаў (87, або 15%), парушэнне правіл эксплуатацыі электраабсталявання (82, або 14%), падпалы (44, або 7,6%). У выніку праявы сілы прыроды адбылося 13 узгаранняў, свавольствы дзяцей з агнём - 8.

Рост пажараў за мінулае паўгоддзе назіраўся ў 9 раёнах вобласці: Бешанковіцкім, Браслаўскім, Глыбоцкім, Дубровенскім, Аршанскім, Расонскім, Талачынскім, Ушацкім, Шаркаўшчынскім. Павелічэнне колькасці загінулых адзначаецца ў Бешанковіцкім, Браслаўскім, Дубровенскім, Ушацкім, Шаркаўшчынскім раёнах, Віцебску і Наваполацку. 75% усіх пажараў з гібеллю людзей адбылося па віне асоб, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення. З 75 загінулых 60 чалавек (80%) у момант пажару знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення. Асноўнай прычынай пажараў з гібеллю стала неасцярожнае абыходжанне з агнём (88%).-0-

Навіны Беларусі (БЕЛТА)