27 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Колькасць пажараў у Віцебскай вобласці за I паўгоддзе знізілася на 17%, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Марына Фандо.
Усяго за студзень-чэрвень у Віцебскай вобласці адбылося 645 пажараў, што на 128 выпадкаў менш у параўнанні з аналагічным перыядам 2011 года. Прамы матэрыяльны ўрон у выніку узгаранняў склаў Br6,4 млрд. У агні загінула 85 чалавек (у тым ліку трое дзяцей), што на 34% менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. На момант пажару 64 чалавекі знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янэння, што складае 75% ад агульнай колькасці загінулых. Рост пажараў адзначаецца ў чатырох рэгіёнах вобласці: Верхнядзвінскім, Віцебскім, Чашніцкім раёнах і Віцебску. Павелічэнне колькасці загінулых ад пажараў зафіксавана ў Браслаўскім і Шумілінскім раёнах.
Марына Фандо адзначыла таксама асноўныя прычыны адбытых пажараў. Так, 43,1% з іх звязаны з неасцярожным абыходжаннем з агнём, 22,5% - з парушэннямі пры эксплуатацыі або няспраўнасцю печанага ацяплення, 16,7% - з парушэннямі пры эксплуатацыі або няспраўнасцю электраабсталявання, 8,5% - з падпаламі, 2% - з дзіцячай шаласцю з агнём, 1,2% - з парушэннямі правіл эксплуатацыі газавых прылад і агрэгатаў, 0,9% - з парушэннямі супрацьпажарных патрабаванняў пры правядзенні агнявых работ.
Акрамя таго, у першым паўгоддзі нагляднымі органамі МНС Віцебскай вобласці завершаны планавыя праверкі 776 суб'ектаў, у тым ліку 492 - высокай групы рызыкі, 54 - сярэдняй, 130 - нізкай. Праведзена звыш 1 тыс. сумесNых рэйдаў з зацікаўленымі ведамствамі. За выяўленыя парушэнні да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута амаль 5,1 тыс. фізічных асоб і 53 юрыдычныя асобы. Была прыпынена эксплуатацыя 16 будынкаў і збудаванняў, 30 памяшканняў і вытворчых участкаў, 405 печаў.
БЕЛТА
Колькасць пажараў у Віцебскай вобласці за I паўгоддзе знізілася на 17%
27.7.20120 праглядаў