8 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Колькасць ВНУ – удзельнікаў Міжнароднага студэнцкага славянскага форуму будзе павялічвацца. Аб гэтым паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі, прысвечанай адкрыццю першага форуму, намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Цярэнцьеў, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "У цяперашні час удзельнікамі форуму з'яўляюцца пяць ВНУ Віцебскай вобласці і тры – Смаленскай. Праведзены перамовы аб удзеле з ВНУ з Санкт-Пецярбурга, Вялікага Ноўгарада. Зацікаўленасць таксама праявілі ўкраінскія ВНУ. Так, у маі ў ліку ўдзельнікаў форуму мы чакаем убачыць прадстаўнікоў Днепрапятроўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Алеся Ганчара", - сказаў Уладзімір Цярэнцьеў. Ён падкрэсліў, што далучыцца да ўдзелу ў форуме, з улікам бесперапыннасці яго мерапрыемстваў, усе жадаючыя вышэйшыя навучальныя ўстановы могуць у любы час, бо ён ствараецца для развіцця студэнцкіх зносін і міжвузаўскіх сувязяў. "Сёння мы робім першы крок, але ўжо цікавасць да гэтай падзеі праяўляецца велізарная", - адзначыў намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама. I Міжнародны студэнцкі славянскі форум праводзіцца з мэтай умацавання адзінства славянскіх народаў, захавання сістэмы славянскіх каштоўнасцей, узмацнення ўзаемадзеяння ў навуковай, адукацыйнай, культурнай і спартыўнай дзейнасці. Сёння ў канцэртнай зале "Віцебск" праходзіць яго першае афіцыйнае мерапрыемства – вялікі канцэрт-прэзентацыя, у якім прымаюць удзел кіраўніцтва і творчая моладзь Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта (ПДУ), Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта (ВГТУ), Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава, Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Смаленскага дзяржаўнага ўніверсітэта, Смаленскай медыцынскай акадэміі і Смаленскай акадэміі фізічнай культуры, спорту і турызму. Свае прывітанні ўдзельнікам форуму адрасаваў таксама Днепрапятроўскі нацыянальны ўніверсітэт імя А.Ганчара (Украіна), прадстаўнікі якога не змаглі прыехаць у Віцебск.