9 красавіка, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Праект да 20-годдзя беларуска-латвійскіх адносін будзе прадстаўлены ў Віцебску, паведамілі БЕЛТА ў Цэнтры культуры "Віцебск".

Пляцоўкай для святкавання 20-годдзя ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Латвійскай Рэспублікай 10 красавіка стане выставачны зал "Духаўскі круглік". У гэты дзень тут будзе прэзентаваны праект "Калекцыя малюнкаў і апісанняў Ліфляндыі Іагана Крыстафа Броцэ ў Акадэмічнай бібліятэцы Латвійскага ўніверсітэта".

  Аўтар калекцыі Іаган Крыстаф Броцэ апроч паспяховай педагагічнай практыкі меў два сур'ёзныя захапленні. Першае з іх - гісторыя Рыгі, Ліфляндыі, Курляндыі, Эстляндыі, Польскіх Інфлянтаў. Для асэнсавання гістарычных сведчанняў ён імкнуўся сабраць усебаковыя гістарычныя факты: яго цікавілі падрабязнасці развіцця эканомікі, асаблівасці адміністрацыйнага ладу, характарыстыкі палітычных фігур. Другое захапленне Броцэ - маляванне, якое арганічна дапаўняла гістарычныя даследаванні.

Іаган Крыстафор захаваў для нашчадкаў замалёўкі ўнікальных будынкаў свайго часу: храмаў, замкаў, паркаў, маёнткаў, жылых дамоў Рыгі, Ліфляндыі, Курляндыі, Эстляндыі, з якіх нямногія захаваліся да пачатку XXI стагоддзя. Малюнкі зафіксавалі прадстаўнікоў розных этнічных груп, якія насялялі Рыгу ў 70-90-я гады XVIII стагоддзя, асаблівасці іх адзення. Мастак пакінуў калекцыю малюнкаў, з дзіўнай дакладнасцю скапіраваных гербаў, манет, гарадскіх планаў, старых гравюр і тэхнічных навінак свайго часу. Малюнкі Броцэ выконваў тушшу, акварэллю або маляваў пяром на таніраванай вадзянымі фарбамі паперы.

  На асобным стэндзе будуць адлюстраваны жыхары Віцебска, замак Лудзы, якая ўваходзіла ў Віцебскую губерню, а таксама першы дакументаваны гандлёвы дагавор паміж тэрыторыямі Латвіі і Беларусі (1229 год). Пасля дзесяцігоддзяў каментарыі Броцэ да сваіх замалёвак ператварылі не заўсёды дасканалыя, але кранальныя працы ва ўнікальныя гістарычныя дакументы.

У прэзентацыі возьмуць удзел консул Латвійскай Рэспублікі ў Віцебску Дагнія Лацэ-Атэ, дырэктар Акадэмічнай бібліятэкі Універсітэта Латвіі Вента Коцэрэ, першы намеснік генеральнага дырэктара цэнтра культуры "Віцебск" Аляксандр Сідарэнка.