18-19 кастрычніка 2017 года пройдзе камандна-штабное вучэнне па рэагаванні на радыяцыйныя аварыі з удзелам органаў кіравання і сіл дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый.

18-19 кастрычніка 2017 года пройдзе камандна-штабное вучэнне па рэагаванні на радыяцыйныя аварыі з удзелам органаў кіравання і сіл дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый.

Пытанні бяспекі з'яўляюцца для Беларусі галоўным прыярытэтам пры рэалізацыі першай у нашай краіне ядзерна-энергетычнай праграмы. У адпаведнасці з міжнароднымі рэкамендацыямі, дзяржавы, якія ўводзяць у эксплуатацыю буйныя аб'екты ядзернай энергетыкі, павінны правесці серыю вучэнняў па рэагаванні на магчымыя інцыдэнты. Мэта такіх вучэнняў – праверка гатоўнасці сістэмы аператыўнага рэагавання, якая важная, у тым ліку, і ў працэсе распрацоўкі аварыйных планаў дзеянняў за межамі прамысловай пляцоўкі АЭС.

Для такіх аб'ектаў, як АЭС, існуюць паняцці праектных і запраектных аварый. Для Беларускай АЭС пры аварыі, прадугледжанай праектам, выхад радыеактыўных рэчываў за межы пляцоўкі станцыі не адбудзецца. Тым не менш, у адпаведнасці з сучаснымі міжнароднымі падыходамі краіны павінны быць гатовыя да дзеянняў і пры запраектных аварыях. Зыходзячы з гэтага, у задуму першага вучэння наўмысна закладзены менавіта практычна немагчымы запраектны сцэнар развіцця падзей з выкідам радыеактыўных рэчываў.

У ходзе вучэння будзе дэталёва вывучаны шырокі пералік пытанняў: узаемадзеянне з суседнімі краінамі і міжнароднымі арганізацыямі, функцыянаванне крызісных цэнтраў для забеспячэння падтрымкі прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў пры ўзнікненні радыяцыйных аварый, ёдная прафілактыка, часовае адсяленне людзей, падвоз чыстых прадуктаў харчавання, апавяшчэнне і інфармаванне насельніцтва.

Запланавана праверка гатоўнасці сіл і сродкаў да рэагавання ў Астравецкім раёне. Каб не ствараць нязручнасцей грамадзянам, адпрацоўка эвакуацыі будзе праведзена з прыцягненнем статыстаў, а напярэдадні вучэння ратавальнікі адрасна праінфармуюць усіх жыхароў вёсак (183 чалавекі ў васьмі населеных пунктах), размешчаных у радыусе трох кіламетраў вакол Астравецкай АЭС, якая будуецца, – раскажуць ім аб маючым адбыцца вучэнні, адпрацоўваемых пытаннях і навучаць дзеянням у выпадку радыяцыйнай аварыі.