23 чэрвеня на аўкцыёне была прададзена сядзіба Альфрэда Ромера ў в. Каралінова пад Паставамі, мастака са старажытнага саксонскага роду, які так і не стаў знакаміты ў Беларусі, але падарыў сваю апошнюю карціну віцебскай зямлі.

Альфрэд Ромер – вядомы мастак, скульптар, этнограф, аўтар твораў на рэлігійную тэматыку. Яму належаць такія працы як карціна «Хрыстос і сірата», якую таксама называюць «Выратавальнік з хлопчыкам» – яе да гэтага часу можна ўбачыць у касцёле Яна Хрысціцеля ў аграгарадку Камаі Пастаўскага раёна. Іншая яго вядомая праца – «Мадонна Пінская» у саборы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску.

Сядзіба ў цяперашнім выглядзе была адноўлена ў 1863 годзе пасля пажару – тады яна была спалена, паколькі яе гаспадары прытулілі паўстанцаў, сярод якіх быў і Альфрэд Ромер. Пасля вызвалення з турмы ён з'ехаў у Мюнхен, дзе вучыўся жывапісу.

Альфрэд Ромер стаў уладальнікам сядзібы ў 1874 годзе, ажаніўшыся на графіні Вандзе Сулітроўскай, якой і належала маёнтак. Пры ім Каралінова стала мастацка-культурным цэнтрам рэгіёна.

Сядзібны дом даволі прасторны, пабудаваны з лістоўніцы, меў 14 пакояў на першым паверсе і 3 на другім, абстаўленых старадаўняй мэбляй і сямейнымі рэліквіямі. Была прыбудавана вялікая веранда, абстаўленая балюстрадай. Побач размяшчаўся сад на 4 гектары, а таксама парк.

Пачынаючы з 1939 года, калі сядзіба была нацыяналізавана, тут спачатку размяшчалася бальніца, затым падчас Вялікай Айчыннай вайны яна стала прытулкам для жыхароў спаленай немцамі суседняй вёскі.

З 1951 года тут размяшчалася школа, пасля пераезду якой у 2005 годзе сядзіба больш не выкарыстоўвалася, што прывяло да аварыйнага стану аб'екта.

У 2020 годзе было прынята рашэнне аб продажы аб'екта, за гэты час сядзіба 4 разы выстаўлялася камітэтам на аўкцыён і па ацэначным кошце, і са зніжэннем цаны.

У выніку, 23 чэрвеня на аўкцыёне са зніжэннем цаны на 80%, сядзібны дом набыў новага гаспадара – жыхара Мінска. Кошт аб'екта склаў 9700 руб. Новы ўласнік плануе аднавіць сядзібу і выкарыстоўваць яе ў сферы аграэкатурызму.

На тэрыторыі Віцебскай вобласці маюцца і іншыя невыкарыстоўваемыя аб'екты са статусам гісторыка-культурнай каштоўнасці, якія могуць быць прапанаваны інвестарам. Больш падрабязна з імі можна азнаёміцца на сайце камітэта.