У сувязі з ростам пажараў і гібелі людзей ад іх у перыяд з 14 па 21 лютага 2025 года на тэрыторыі Лепельскага раёна пройдзе комплекс спецыяльных прафілактычных мерапрыемстваў «Дом без пажару». Асноўная мэта гэтых мерапрыемстваў – папярэджанне пажараў і гібелі людзей ад іх, а таксама павышэнне інфармаванасці насельніцтва ў сферы забеспячэння пажарнай бяспекі.
У гэтыя дні будзе арганізавана шырокамаштабнае правядзенне пажарна-прафілактычнай работы ў жыллёвым фондзе для ацэнкі бяспекі ўмоў пражывання грамадзян і аказання кансультатыўнай дапамогі ў прывядзенні домаўладанняў у пажарабяспечны стан.
Пры комплексным абследаванні домаўладанняў асаблівая ўвага будзе нададзена стану печанага ацяплення, газавага і электраабсталявання, наяўнасці і спраўнасці аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. Усім жыльцам будуць тлумачыцца наступствы невыканання правіл пажарнай бяспекі ў жылых будынках і збудаваннях. Дамовладальнікам, у дамах якіх будуць выяўлены парушэнні, будуць выдадзены рэкамендацыі аб іх ліквідацыі.
У сувязі з гэтым ратавальнікі ў чарговы раз звяртаюцца да грамадзян, каб не стаць ахвярамі агню, лепш яшчэ раз уважліва агледзець сваё жыллё, гарышчы і гаспадарчыя пабудовы. І, заўважыўшы непаладкі, неадкладна ўсё ліквідаваць.
МНС нагадвае: не будзьце бестурботнымі ў абыходжанні з агнём