18 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кангрэс Міжнароднай федэрацыі хакея (IIHF), які праходзіць у Хельсінкі, назваў месцы і тэрміны правядзення 42 турніраў наступнага сезона, якія пройдуць пад эгідай арганізацыі, а таксама пацвердзіў месцы і тэрміны правядзення чэмпіянатаў свету ў элітным дывізіёне на бліжэйшыя гады, паведамляе афіцыйны сайт IIHF.
На пасяджэнні кангрэса было абвешчана, што ў 2013 годзе чэмпіянат свету зноў адбудзецца ў Стакгольме і Хельсінкі (3-19 мая), толькі на гэты раз галоўным горадам турніру будзе шведская сталіца.
Чэмпіянат свету 2014 года прыме Мінск (9-25 мая), першынство планеты-2015 пройдзе ў чэшскіх Празе і Астраве (1-17 мая), а сусветны форум-2016 даручаны расійскім Маскве і Санкт-Пецярбургу (29 красавіка-15 мая).
Што тычыцца ЧС-2017, то рашэнне аб яго правядзенні адкладзена на год і будзе прынята на кангрэсе IIHF у 2013 годзе. Гэта звязана з тым, што Міжнародная федэрацыя хоча абагульніць вопыт правядзення цяперашняга і наступнага чэмпіянатаў свету, якія, як вядома, праходзяць па новай формуле. З улікам аналізу станоўчых і адмоўных момантаў будзе прынята рашэнне, ці пакідаць гэты фармат у будучыні, і які з кандыдатаў будзе лепш гатовы да правядзення першынства планеты-2017. Цяпер аб намеры стаць гаспадарамі гэтага турніру заявілі Данія, Францыя, Германія і Латвія.
Такім чынам, кангрэс IIHF адхіліў патрабаванні еўрапейскіх і амерыканскіх палітыкаў аб пераносе чэмпіянату свету 2014 года з Беларусі ў іншую краіну.
Як ужо паведамлялася, сёння ў Хельсінкі ў сваёй уступнай прамове на адкрыцці кангрэса IIHF кіраўнік Міжнароднай федэрацыі хакея Рэнэ Фазель выступіў супраць пераносу чэмпіянату свету па хакеі-2014 з Беларусі ў іншую краіну. "Ад адмены чэмпіянату ў Беларусі пацярпяць нявінаватыя людзі: заўзятары і спартсмены. Спорт не павінен быць інструментам палітыкі", - адзначыў кіраўнік IIHF.
/Будзе дапоўнена/-0-
БЕЛТА
Кангрэс IIHF адхіліў патрабаванні аб пераносе хакейнага ЧС-2014 з Беларусі ў іншую краіну
18.5.20120 праглядаў