30 студзеня, Лепель /Ул.інф./. Нібы ў люстэрку адлюстроўваюцца фігуры на катку каля спорткомплекса, круцяцца карагодам доўгія цені ад невысокага зімовага сонца. Хтосьці павольна і няўпэўна робіць свае першыя крокі па лёдзе, а хтосьці ўжо з усіх сіл рассекае паветра, выпісваючы мудрагелістыя піруэты.
30 студзеня, Лепель /Ул.інф./. Нібы ў люстэрку адлюстроўваюцца фігуры на катку каля спорткомплекса, круцяцца карагодам доўгія цені ад невысокага зімовага сонца. Хтосьці павольна і няўпэўна робіць свае першыя крокі па лёдзе, а хтосьці ўжо з усіх сіл рассекае паветра, выпісваючы мудрагелістыя піруэты.
Куды ў першую чаргу накіроўваюцца наведвальнікі? Вядома, у пункт часовага пракату, які з гэтага года знаходзіцца ў асобным адрамантаваным будынку – ацяплянай раздзявальні. Цяпер не трэба абувацца наспех седзячы на вулічнай лаўцы і завязваць ззяблымі рукамі шнуркі.
За сталом пракатчыка сядзіць маладая дзяўчына прыемнай знешнасці. Алеся Рудзько нядаўна скончыла Полацкі педагагічны каледж і паспела нядоўгі час папрацаваць у Лепелі, а пасля і ў Полацку. Аднак на роднай зямлі лепш – вярнулася. Як раз у фізкультурна-аздараўленчым цэнтры аказалася вакансія. Вывучыла інвентар, можа назваць пікавы час наведванняў. У буднія дні наплыў ідзе пасля пяці гадзін і аж да закрыцця ў дзевяць. Выдаецца каля сарака-пяцідзесяці пар канькоў. У выхадныя катаюцца больш і прыходзяць раней – ужо да гадзіны многія на каньках.
Усяго ў наяўнасці 42 пары канькоў, з якіх дзевяць фігурных, астатнія – хакейныя. Ёсць і альтэрнатыва ў выглядзе лыж. Праўда скарыстацца імі можна толькі на тэрыторыі спорткомплекса і выбар не асаблівы – тры пары з вялікімі памерамі чаравікаў (41-ы і два 43-і). Што тычыцца кошту, то за гадзіну эксплуатацыі канькоў давядзецца заплаціць шэсць тысяч рублёў, а за лыжы – дзесяць тысяч пяцьсот рублёў.
Якія канькі браць? Хакейныя вырабляюць з трывалых сінтэтычных матэрыялаў, каб засцерагчы ногі ад траплення шайбы, удараў клюшкай і г.п. Іх, як правіла, выбіраюць на паўпамеру больш – тады нагам камфортна. Фігурныя канькі прызначаны для выканання складаных практыкаванняў і знешне моцна адрозніваюцца: іх лязы на носку абсталяваны зубцамі, ззаду яны прыкметна выступаюць, ёсць абцас. Такія канькі выбіраюць памерам у памер. Але без чаго канькабежцы незалежна ад класіфікацыі будуць як рыба без вады? Правільна – без катка. Заліўкай і абслугоўваннем лядовага поля займаюцца адразу некалькі чалавек.
Вакол катка бардзюр са снегу. Ліхачы калі і вылятаюць за межы катка -- прызямляюцца мякка.
Сёлета для большага задавальнення наведвальнікаў устаноўлена музычная апаратура – можна ўявіць сябе сапраўдным фігурыстам, які выконвае алімпійскую праграму або памарыць, плаўна слізгаючы ў патрэбным напрамку. Чым яшчэ добры лепельскі каток – няма строгіх правілаў перамяшчэнняў, як, да прыкладу, у вялікіх гарадах, дзе ездзяць строга па гадзіннікавай стрэлцы.
***
Рыгор Дубка, вучань дзявятага «Б» класа СШ №3, хутчэй за іншых носіцца па катке, у руках у яго чыясьці шапка. Аказваецца, у Лепелі з'явілася свая гульня на лёдзе. Сутнасць простая: бярэш шапку і з'язджаеш, уладальнік павінен дагнаць і вярнуць яе. Самы лепшы бегун у выйгрышы. Хлопцы весяляцца, але ёсць свае правілы – галаўныя ўборы малых недатыкальныя.
Рыгор трэці год прыходзіць на каток з сябрамі Уладам Маркевічам і Алегам Матюшам. Вядома, спачатку было шмат падзенняў. Цяпер жа ён упэўнена адчувае сябе ў гэтым спартыўным абутку, бяжыць лёгка і нязмушана, можа эфектна затармазіць – прама лядовыя пырскі сыплюцца з-пад ляза. Кажа, што мама, убачыўшы яго захапленне, падарыла канькі. Аднак ён хутка з іх вырас і аддаў сястры аднагодцы Леры. Ходзіць на каток кожны дзень. З нецярпеннем чакае пятніцу, бо можна адразу пасля школы, не робячы хатніх заданняў, адправіцца ў свет зімовага спорту.
***
Ці не выгадней купіць канькі або лыжы – даведаемся. На першым паверсе ўнівермага, дзе прадаецца мэбля, шпалеры і іншае, ёсць аддзел спартыўнага інвентару. Бачу хакейныя канькі па цане 507 тысяч 650 рублёў, фігурныя – 411 тысяч 860 рублёў. Лыжы – 513 тысяч 200 рублёў, але да іх яшчэ патрэбны палкі – 143 тысячы 350 рублёў, чаравікі, прыкладным коштам канькоў і мацаванне, увогуле, пад мільён набярэцца. Выгадна ці не, залежыць ад рэгулярнасці заняткаў зімовым спортам.
Адзначым, што спорткомплекс не з'яўляецца манапалістам у сферы пракату зімовых спартыўных прылад. Ёсць альтэрнатыва ў Доме побыту. Памеры канькоў – пачынаючы ад 36 памеру і заканчваючы 45, праўда, іх усяго васемнаццаць пар. А вось кошт цешыць – тысяча дзевяцьсот рублёў за гадзіну, суткі – 18 300 рублёў. Лыжы – 4400 рублёў за гадзіну, суткі – 16 000 рублёў. Адзіны момант, які стварае нязручнасці – графік працы гэтага пункта пракату. Панядзелак і нядзеля – выхадныя дні, а ў суботу адкрыты толькі да гадзіны дня. Атрымліваецца, калі працоўны чалавек вырашыць стаць з сям'ёй на лыжню ў выхадны, яму давядзецца ўзяць інвентар адразу на тры дні і адпаведна заплаціць.
Яўгенія ЛЯХ.
На здымку: Рыгор Дубка – пастаянны наведвальнік катка.
Фота аўтара.