Віцебскі абласны агляд-конкурс фальклорнага мастацтва дзяцей і моладзі "Ад прашчураў да зорак" збярэ 2 сакавіка ў Росанах каля 370 удзельнікаў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці (ВАМЦНТ).
Віцебскі абласны агляд-конкурс фальклорнага мастацтва дзяцей і моладзі "Ад прашчураў да зорак" збярэ 2 сакавіка ў Росанах каля 370 удзельнікаў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці (ВАМЦНТ).
Кампетэнтнаму журы трэба будзе вызначыць лепшых у конкурсе музычных інструментальных капэл (ансамбляў) традыцыйнага складу, аглядзе дзіцяча-маладзёжных фальклорных калектываў і турніры пар - выканаўцаў народных бытавых танцаў (пройдуць у трох узроставых катэгорыях: 3-6 гадоў, 7-10 гадоў, 11-16 гадоў), конкурсе-выставе дэкаратыўна-прыкладной творчасці. У апошнім заяўлены работы, выкананыя толькі ў традыцыйных відах творчасці. Гэта выцінанка, лялькі-абярэгі, паясы, разьба па дрэве, вышыўка, салампляценне і лапікавае шыццё. Таксама заснаваны намінацыі "Творчы дэбют", "Калектыў, які найбольш поўна прадставіў рэгіянальныя народныя традыцыі" і "Прыз глядацкіх сімпатый".
Пераможцы атрымаюць права прадставіць вобласць на рэспубліканскім фестывалі фальклорнага мастацтва "Берагіня", які пройдзе ў чэрвені ў пасёлку Акцябрскі ў Гомельскай вобласці.
Агляд-конкурс "Ад прашчураў да зорак" праводзіцца ў Віцебскай вобласці з 2004 года. "З кожным годам колькасць удзельнікаў расце, з'яўляюцца новыя дзіцячыя фальклорныя калектывы, якія папулярызуюць мясцовыя традыцыі і абрады, паказваюць высокі мастацкі ўзровень выканання і веданне спецыфічных асноў фальклорнага мастацтва Віцебшчыны", - адзначылі ў цэнтры.