12 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства культуры Беларусі аб'явіла аб правядзенні конкурсу "Чалавек года культуры", паведамляе БЕЛТА.

Інструкцыя аб парадку правядзення конкурсу размешчана на афіцыйным сайце ведамства.

Конкурс праводзіцца па 10 лютага 2017 года па намінацыях "Выяўленчае мастацтва", "Тэатральнае мастацтва", "Музычнае мастацтва", "Харэаграфічнае мастацтва", "Эстраднае мастацтва", "Цыркавое мастацтва", "Кінавідэамастацтва", "Музейная дзейнасць", "Бібліятэчная дзейнасць", "Клубная дзейнасць", "Народная творчасць", "Народная дэкаратыўна-прыкладная творчасць", "Педагагічная дзейнасць з творчай моладдзю", "Асвятленне пытанняў культуры ў сродках масавай інфармацыі".

У конкурсе могуць удзельнічаць грамадзяне Беларусі - работнікі сферы культуры, педагогі ўстаноў адукацыі ў сферы культуры, супрацоўнікі СМІ (у намінацыі "Асвятленне пытанняў культуры ў сродках масавай інфармацыі"), члены творчых саюзаў.

Крытэрыямі ацэнкі ўдзельнікаў у намінацыях "Выяўленчае мастацтва", "Тэатральнае мастацтва", "Музычнае мастацтва", "Харэаграфічнае мастацтва", "Эстраднае мастацтва", "Цыркавое мастацтва", "Кінавідэамастацтва" вызначаны мастацкі ўзровень вынікаў творчай дзейнасці ўдзельніка конкурсу на працягу перыяду правядзення конкурсу; іх публічны паказ на працягу года, атрыманы пры гэтым сацыяльны і эканамічны эфект; грамадскі рэзананс вынікаў дзейнасці, у тым ліку поспехі на міжнародных спаборніцтвах, водгукі ў прэсе; прафесійныя і маральныя якасці ўдзельнікаў.

Для намінацый "Музейная дзейнасць", "Бібліятэчная дзейнасць", "Клубная дзейнасць" крытэрыямі служаць прафесійнае майстэрства, дасягненні, наватарства; праведзеныя ў 2016 годзе новыя значныя акцыі; удзел у міжнародных і рэспубліканскіх форумах.

Крытэрыямі ў намінацыях "Народная творчасць", "Народная дэкаратыўна-прыкладная творчасць" названы мастацкі ўзровень і грамадскі рэзананс вынікаў дзейнасці ўдзельніка ў перыяд правядзення конкурсу; арыгінальнасць выкарыстання нацыянальных мастацкіх традыцый; значнасць рэалізуемых культурных праектаў у напрамку адраджэння, захавання традыцый і развіцця сучасных напрамкаў мастацкай творчасці; удзел у 2016 годзе ў міжнародных, рэспубліканскіх конкурсах, фестывалях.