Конкурс-дэгустацыя "ГУСТ" вызначыў 160 найлепшых харчовых прадуктаў у Беларусі
10.6.20100 праглядаў
10 чэрвеня, Мінск /Таццяна Лобас - БЕЛТА/. Пераможцамі конкурсу-дэгустацыі "ГУСТ" у розных намінацыях сталі 55 прадпрыемстваў. Дыпломы заваявалі 160 прадуктаў харчавання, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА кіраўнік аргкамітэта конкурсу Ларыса Карэшкова.
Сёння ў Мінску адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў. Усе дыпламанты атрымалі права маркіроўкі прадуктаў-пераможцаў лагатыпам гэтага конкурсу, таму спажывец лёгка зможа знайсці па гэтым знаку якасныя прадукты харчавання.
Усяго ў конкурсе ўдзельнічалі 70 прадпрыемстваў рэспублікі. Ацэчваліся хлебабулачныя, мясныя і малочныя прадукты, а таксама алкагольныя напоі. На дэгустацыю было прадстаўлена каля 600 узораў.
Найбольшую колькасць узнагарод атрымалі Барысаўскі, Мінскі, Гомельскі, Лідскі, Віцебскі, Ваўкавыскі, Слуцкі мясакамбінаты, Аршанскі і Бярозаўскі мясакансервавыя камбінаты, агракамбінаты "Сноў" і "Дзяржынскі", Салігорская птушкафабрыка і птушкафабрыка "Рассвет", Бярозаўскі сыраробны камбінат, Лідскі і Лепельскі малочна-кансервавыя камбінаты, Салігорскі філіял Любанскага сыраробнага завода, Полацкі малочны камбінат, ААТ "Малако" (г.Віцебск), ППУП "Рэчыцамалако", Бярэзінскі сыраробны завод. Гэтым прадпрыемствам удаецца трымаць высокую марку ўжо не першы год: большасць з іх неаднаразова атрымлівалі дыпломы конкурсу "ГУСТ".
Характэрна, што разам з флагманамі харчовай індустрыі ўсё больш пра сябе заяўляюць прадпрыемствы, якія знаходзяцца ў малых і сярэдніх гарадах. Набываючы сучаснае абсталяванне, яны актыўна вядуць перааснашчэнне, укараняюць новыя тэхналогіі. Да прыкладу, сярод узнагароджаных у намінацыі на лепшыя хлебабулачныя вырабы пераможцамі аказаліся Баранавіцкі, Кобрынскі, Ганцавіцкі, Пінскі, Жодзінскі, Светлагорскі хлебазаводы, ППУП "Пінскі каапрам", Маларыцкае райпо.
Лепшымі алкагольнымі напоямі прызнана прадукцыя Мінскага завода вінаградных він, РУП "Мінск Крышталь", Брэсцкага лікёра-гарэлачнага завода "Белалка", Мінскага завода ігрістых він, Мазырскага камбіната "Этанол", Малінаўшчызненскага спіртаганачышчальнага завода "Аквадыў", Віцебскага вінзавода і Віцебскага ЛВЗ "Прыдзвінне".
У гэтым годзе конкурс-дэгустацыя "ГУСТ" праходзіць у сакавіку, чэрвені і снежні. Чэрвеньскі этап супаў з правядзеннем міжнароднай спецыялізаванай выставы "Белагра-2010", дзе лепшую прадукцыю дэманстравалі прадпрыемствы рэспублікі.
Ацэньваючы вынікі конкурсу, Ларыса Карэшкова адзначыла павышэнне якасці харчовых прадуктаў, прадстаўленых на дэгустацыю. "У Год якасці іншага і быць не магло - прадпрыемствы рэспублікі значна прасунуліся ў гэтым напрамку, укараняюць новыя тэхналогіі, інавацыйныя прадукты", - падкрэсліла яна. Да прыкладу, сярод хлебабулачных вырабаў асабліва вылучалася лінейка прадукцыі аздараўленчага напрамку, сярод малочных - мяккія і расольныя сыры, вытворчасць якіх будзе развівацца і далей. У будучыні арганізатары конкурсу маюць намер пашырыць колькасць намінацый і віды прадстаўленых харчовых прадуктаў. З'явяцца асобныя намінацыі малочнай і мясной прадукцыі для здаровага, школьнага і дзіцячага харчавання.
Конкурс-дэгустацыя "ГУСТ" (Гарант поспеху сучасных тавараў) праводзіцца з 2001 года пры падтрымцы Мінсельгасхарча, Беларускага дзяржаўнага інстытута стандартызацыі і сертыфікацыі, ЗАТ "Мінскэкспа" і Цэнтра крэатыўных тэхналогій "Артшок". Мэта конкурсу - павышэнне канкурэнтаздольнасці прадукцыі, прасоўванне тавараў на ўнутраным і знешнім рынках, укараненне сучасных упаковачных тэхналогій сусветнага ўзроўню, стымуляванне вытворчасці імпартазамяшчальных харчовых прадуктаў.
У склад журы конкурсу ўваходзілі вядучыя спецыялісты Мінсельгасхарча, Мінздароўя, Мінгандлю, Дзяржстандарту, спецыялізаваных інстытутаў і навукова-практычных цэнтраў у галіне харчовых прадуктаў. Гэты конкурс - адзіны ў Беларусі прафесійны конкурс, дзе прадукты ацэньваюцца па органалепратычнай экспертызе. Прадукт, які атрымаў найбольшую колькасць балаў, станавіўся пераможцам конкурсу-дэгустацыі. Дыпломы "Залаты ГУСТ", якімі традыцыйна адзначаюцца прадпрыемствы за стабільна высокае якасць, укараненне новых тэхналогій і шырокі асартымент выпускаемай прадукцыі, будуць уручацца кіраўнікам гэтых прадпрыемстваў па выніках усіх трох этапаў конкурсу ў снежні.-0-
БЕЛТА